Як паведаміла памежная служба Польшчы, у суд накіравалі абвінаваўчае заключэньне на 26 чалавек, якія маюць дачыненьне да кантрабанды. За два гады іх дзейнасьці шкода, нанесеная бюджэту Польшчы, склала амаль 46 млн злотых (каля 11,5 млн даляраў ЗША).
Лідэрам групы, якая дзейнічала на тэрыторыі Вармінска-Мазурскага і Падляскага ваяводзтваў, быў 43-гадовы жыхар Кентшынскага павету, які са студзеня 2019-га па сакавік 2020-га арганізоўваў паездкі па нелегальныя цыгарэты ў Калінінградзкую вобласьць Расеі.
Па хадайніцтве пракурора суд прымяніў да лідэра і некалькіх чальцоў групы меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Некаторыя ўдзельнікі групоўкі знаходзяцца пад наглядам паліцыі, ім забаронены выезд з краіны. У ходзе расьсьледаваньня канфіскавалі нерухомасьць, аўтамабілі, наяўныя грошы, якая належыць удзельнікам групы.
Кіраўніку групы пагражае 15 гадоў пазбаўленьня волі, дзевяці абвінавачаным — да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
У ліпені 2023 году супрацоўнікі Памежнай аховы Польшчы і Нацыянальнай падатковай адміністрацыі затрымалі 11 чальцоў арганізаванай злачыннай групы (адзін грамадзянін Беларусі і 10 грамадзян Польшчы), якія падазраюцца ў найбуйнейшай у гісторыі краіны кантрабандзе беларускіх цыгарэт.
Апэрацыя праводзілася ў Падляскім, Мазавецкім і Люблінскім ваяводзтвах. Роля затрыманых палягала «ў стварэньні кампаній, на адрас якіх адпраўляліся цыгарэты», а таксама «перавозцы нелегальных тытунёвых вырабаў і хаваньні кантрабандных цыгарэт сярод легальных тавараў».
Арганізаваная злачынная група ў 2020-2021 гадах кантрабандай перавезла зь Беларусі ў Польшчу больш як 18,8 млн пачкаў цыгарэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы за арганізацыю нелегальнай міграцыі затрымалі больш за 20 чалавек, у тым ліку грамадзян Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы сталі фігурантамі буйной справы аб кібэрмахлярстве ў Польшчы