Што вядома пра атакі на старонкі беларускіх палітыкаў і ініцыятываў? Ці забароняць у Беларусі VPN і чым гэта пагражае карыстальнікам? Пра гэта расказвае прадстаўнік ініцыятывы BelPol Мацьвей Купрэйчык.
Летась у лістападзе ўрад прыняў плян, як супрацьстаяць кібэрзлачыннасьці. Там, сярод іншага, прапісаны пункт, што варта ўвесьці сыстэму, якая не дазволіць выкарыстоўваць «у злачынных мэтах» ананімайзэры, VPN і проксі-сэрвэры.
Наколькі імаверна, што ўлады Беларусі змогуць адсачыць і заблякаваць ананімайзэры і VPN? Чым гэта пагражае беларусам у Беларусі, якія карыстаюцца VPN, напрыклад, каб чытаць заблякаваныя сайты? Мацьвей Купрэйчык адказаў на гэтыя і іншыя пытаньні ў праграме «Падзея і камэнтар» на канале Свабода Premium.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты размовы
- Ёсьць прыклад Кітаю, дзе існуе сыстэма, якая павінна не дазваляць кітайцам заходзіць на канкрэтныя сайты. Аднак людзі з гэтым спраўляюцца і заходзяць на тыя рэсурсы, якія іх цікавяць, выкарыстоўваючы той самы VPN. Тое ж самае будзе і ў Беларусі.
- У 2010–11 гадах рэжым ужо спрабаваў заблякаваць у Беларусі браўзэр Tor. Яны выдаткавалі на гэта каля 1 мільёна даляраў, але ў іх нічога не атрымалася.
- Старэйшаму пакаленьню будзе цяжэй, але 2020 год паказаў, што любы чалавек здольны паставіць той самы VPN (самы знакаміты прыклад — гэта Psiphon), і гэта працуе вельмі проста. Дастаткова націснуць адну кнопку, і ён дапамагае чытаць незалежныя СМІ. Вельмі вялікая частка насельніцтва дзякуючы 2020 году навучылася абыходзіць такія абмежаваньні.
- Улады могуць заблякаваць канкрэтныя IP-адрасы, але платныя VPN-сэрвісы даволі часта мяняюць IP-адрасы сваіх сэрвэраў, каб пазьбягаць такога блякаваньня.
- Цяпер дастаткова аднаго VPN-сэрвісу, каб зручна было глядзець любыя навіны. Калі адбудзецца блякаваньне, варта будзе мяняць VPN-сэрвіс. Рэжым ня можа адсачыць, што вы робіце. Ён бачыць, што вашая прылада далучаецца да Нідэрляндаў, Чэхіі ці Польшчы, але ня бачыць, што вы робіце далей.
- Пры гэтым кожны чалавек павінен разумець: калі ты ў Беларусі, ты ў стане пэрманэнтнай небясьпекі. У любы момант да цябе могуць уварвацца дадому ці спыніць на вуліцы і праверыць мабільны тэлефон. Заўсёды чысьціце кэш вашага мабільнага тэлефона, кэш Тэлеграма. Абавязкова карыстайцеся «партызанскім» Тэлеграмам, які пры ўводзе дадатковага пароля дапаможа вам захаваць сябе на свабодзе.
- Я працаваў у аддзеле супрацьдзеяньня гандлю людзьмі, і ў маёй практыцы былі выпадкі, калі дзеці ў сацыяльных сетках праз шантаж, угаворы дасылалі злачынцам, напрыклад, непрыстойныя відэа. Але тут найлепшы кантралёр — гэта бацькі. Практыка, у тым ліку мой асабісты досьвед у органах унутраных спраў, гэта паказвае.
- Сапраўды надзейных праграмных сродкаў тут няма. Нават праграмы «бацькоўскага кантролю» на мабільных тэлефонах ня надта эфэктыўныя, бо дзеці хутка разьвіваюцца і знаходзяць шляхі, як гэта абысьці.
- Мы разумеем, чаму рэжым ладзіць кібэратакі на старонкі беларускіх палітыкаў і ініцыятываў. Рэжым баіцца свабоды слова. У Беларусі пад кіраваньнем дыктатара Лукашэнкі свабода слова, можна сказаць, «забароненае рэчыва». Акрамя як рэжыму Лукашэнкі, нікому іншаму няма сэнсу атакаваць гэтыя старонкі.
- Што тычыцца атакаў з боку кібэрпартызанаў на дзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы, дык гэта частка неабходнай самаабароны. Рэжым цяпер спрабуе забраць у людзей у Беларусі ўсе магчымыя правы і свабоды. Таму беларус мае права абараняцца.