Сьцісла:
- Беларусь страчвае сваю ваенна-палітычную самастойнасьць і геапалітычную пазыцыю ў рэгіёне.
- Разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі — частка стратэгіі Масквы, накіраванай на ваеннае падпарадкаваньне Беларусі.
- Імавернасьць вялікай вайны ў найбліжэйшыя некалькі гадоў вельмі нізкая.
- На сёньня на Захадзе пераважае думка, што Расея ня пойдзе вайной на краіны NATO.
— Нядаўна афіцыйны Менск анансаваў прыняцьце абноўленай ваеннай дактрыны Беларусі. «Напад на любую саюзную дзяржаву будзе лічыцца нападам на Беларусь», — заявіў прадстаўнік Генштабу Беларусі Арцём Буторын. У гэтай сувязі — ці можна лічыць такі дакумэнт ваеннай дактрынай сувэрэннай незалежнай дзяржавы, ці гэта ў большай ступені ваенная дактрына адной з частак «саюзнай дзяржавы»?
— Па-першае, мы павінны пабачыць цалкам сам дакумэнт, калі ён будзе прыняты і апублікаваны. Але ўжо цяпер мы бачым сытуацыю ў комплексе, і бачым, у якім кірунку Беларусь разьвіваецца пасьля 2020 году.
І калі глядзець у комплексе — на ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, новую Канстытуцыю — то пабачым, што Беларусь, канечне, страчвае сваю ваенна-палітычную самастойнасьць і геапалітычную пазыцыю ў рэгіёне. Таму можна гаварыць пра тое, што Беларусь становіцца проста геапалітычным прыдаткам Расеі. І, адпаведна, падпадае пад маскоўскія пляны і дактрыны.
— «Што тычыцца парадку прымяненьня ядзернай зброі — гэта не прадмет ваеннай дактрыны», — сказаў прадстаўнік Генштабу Беларусі Буторын. Як бачым, самі беларускія вайскоўцы выказваюцца наконт ядзернай зброі больш абачліва — адрозна ад Лукашэнкі, які кажа, што гэта «наша, беларуская» ядзерная зброя. Але і фактычна, і афіцыйна — гэта расейская ядзерная зброя, якая разьмешчаная ў Беларусі. Ці так гэта ўспрымаецца на Захадзе?
— Менавіта так. Лукашэнка часам жыве ў нейкім сваім асаблівым сьвеце. Што тычыцца ядзернай зброі, то ёсьць дакладнае разуменьне, што яна, безумоўна, кіруецца Масквой. Яе разьмяшчэньне ў Беларусі — частка стратэгіі Масквы, мэта якой — вайсковая прысутнасьць і вайсковае падпарадкаваньне Беларусі. Гэта расейскі інструмэнт уплыву і кантролю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці атрымаў Лукашэнка магчымасьць самастойна выкарыстоўваць ядзерную зброю?— Лукашэнка ж успрымае расейскую ядзерную зброю як інструмэнт стрымліваньня — маўляў, пакуль яна тут разьмешчаная, на Беларусь ніхто не нападзе. Цяпер шмат гавораць пра тое, што ў гэтым рэгіёне можа разгарнуцца большы ваенны канфлікт, і калі ў яго будзе ўцягнутая і Беларусь, то і яе тэрыторыя можа стаць арэнай баявых дзеяньняў. Ці зьяўляецца ядзерная зброя гарантыяй таго, што ў такой вайне тэрыторыю Беларусі ня будуць атакаваць войскі іншых дзяржаваў?
— Калі гаварыць выключна тэарэтычна, то можна адзначыць, што ядзерная зброя ніякіх гарантыяў не дае. Можна прывесьці прыклад Ізраілю. Колькі дзесяцігодзьдзяў пасьля таго, як краіна фактычна завалодала ядзернай зброяй, яна ваявала? Таксама Індыя і Пакістан, паміж якімі часам узьнікаюць збройныя канфлікты.
Што тычыцца Беларусі, то мы павінны глядзець на кантэкст. Ніводзін з суседзяў Беларусі не зьбіраецца і ня думае нападаць на Беларусь. Мы можам канстатаваць, што канфлікт можа быць разьвязаны толькі Менскам ці Масквой.
— Нядаўна шмат шуму нарабіла публікацыя нямецкага выданьня Bild, паводле якой, згодна з сакрэтным дакумэнтам нямецкага войска, РФ можа ўварвацца на тэрыторыю NATO ў траўні 2025 году. Каб гэта была проста адзінкавая публікацыя... Але ж мы чуем заявы і нямецкіх, швэдзкіх, літоўскіх вайскоўцаў і палітыкаў пра падрыхтоўку да вайны. Калі імавернасьць такой вайны сапраўды існуе — ці можа яна адбывацца з тэрыторыі Беларусі?
— Калі мы гаворым пра магчымасьць такой вайны ў найбліжэйшыя некалькі гадоў — то я б сказаў, што імавернасьць гэтага на дадзены момант вельмі нізкая. Але гэта задача вайскоўцаў і ўрадаў — рыхтавацца да любога разьвіцьця падзеяў. Тое, пра што піша Bild, — гэта адзін з такіх гіпатэтычных сцэнараў («што будзе, калі», і як трэба да гэтага рыхтавацца). Гэта нармальная праца адпаведных інстытуцыяў — найперш выведкі.
Калі паглядзець на эвалюцыю пуцінізму, на тое, чым кіруецца сёньня расейская дзяржава — то адзін з цэнтральных элемэнтаў іхняга сьветапогляду палягае ў тым, што Расея, расейская цывілізацыя знаходзіцца ў канфлікце і ваюе з Захадам. І Расея павінна зрабіць усё, каб дамінанта Захаду ў сусьветным парадку была разбураная. І мы ня можам дакладна ведаць, што будзе рабіць маскоўскі рэжым, маючы на ўвазе гэтую мэту, бліжэйшыя 5–10 гадоў. Таму, адпаведна, варта быць падрыхтаваным да канфлікту — але ня трэба казаць, што ён непазьбежны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паабяцаў яшчэ больш абмежаваць інтэрнэт і расказаў пра ракетныя комплексы «Іскандэр» у Беларусі— Ці можа рост такога разуменьня прымусіць Захад больш актыўна дапамагаць Украіне ў вайне з Расеяй? Бо ў 2023 годзе відавочна назіралася аслабленьне гэтай дапамогі.
— Усё ж такі на Захадзе цяпер пакуль няма адзінства ў разуменьні таго, наколькі сур’ёзнай пагрозай для Захаду зьяўляецца Расея. На сёньня там пераважае думка, што Расея ня пойдзе вайной на краіны NATO, што яна найперш спрабуе аднавіць свае пазыцыі на постсавецкай прасторы.
Адпаведна, заходнія крокі падтрымкі Ўкраіны застаюцца даволі абмежаванымі. Каб перайсьці пэўныя рысы ў больш актыўнай дапамозе Украіне — Захаду найперш трэба вырашыць унутраныя пытаньні. Вялікая праблема ў тым, што ЗША цяпер усё больш і больш вымушаныя займацца ўнутранымі праблемамі — пакуль Кангрэс, дзе маюць большасьць рэспубліканцы, устаўляе палкі ў колы адміністрацыі прэзыдэнта Байдэна.
У Нямеччыне — вайсковыя стратэгі могуць папярэджваць пра агрэсіўныя намеры Масквы, але палітычнае кіраўніцтва краіны лічыць, што Расея ніколі ня пойдзе на агрэсію супраць NATO.
Як Захаду вярнуцца да той думкі, якая панавала ў 2022 годзе, што перамога Ўкраіны — адзін з цэнтральных элемэнтаў бясьпекі ўсёй Эўропы, — гэта вялікае пытаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве заявілі, што кантроль за выкарыстаньнем разьмешчанай у Беларусі ядзернай зброі застаецца за Расеяй. Лукашэнка казаў іначайВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.