Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў яшчэ больш абмежаваць інтэрнэт і расказаў пра ракетныя комплексы «Іскандэр» у Беларусі


Ракетны комплекс "Іскандэр", здольны несьці ядзерны зарад
Ракетны комплекс "Іскандэр", здольны несьці ядзерны зарад

Апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы (АТРК) «Іскандэр» Беларусь атрымала «за грошы расейцаў».

Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка 19 студзеня падчас наведваньня заводу «БЕЛДЖЫ», паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

«Праўда, мы плацім ім па іншых рахунках», — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Ён паведаміў, што падпісаў указ аб ужываньні «Іскандэраў» «толькі са згоды прэзыдэнта, згоды міністра абароны, начальнік Генэральнага штаба задзейнічаны, у кожнага свае функцыі».

Адзначыўшы, што «Іскандэры» — «асабліва небясьпечная зброя», Лукашэнка сказаў: «Ядзерная зброя яшчэ больш складаная ва ўжываньні. Мы атрымалі шмат боепрыпасаў. Ракет, перш за ўсё. Ядзерная зброя ўсіх паставіла на месца. Як толькі ў Беларусі зьявілася ядзерная зброя — усе крылы апусьцілі. І суседзі, ашалелыя нашыя, і іншыя. Хоць ня дай бог ня толькі мне, але і новаму пакаленьню палітыкаў думаць аб ужываньні гэтай ядзернай зброі. Гэта страшная зброя».

Днямі міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў, што пункт аб ужываньні ядзернай зброі, разьмешчанай на тэрыторыі краіны, унесены ў новую ваенную дактрыну Беларусі.

1 лютага 2023 году Мінабароны паведаміла, што беларускія вайскоўцы прыступілі да поўнай самастойнай эксплюатацыі АТРК «Іскандэр».

«Іскандэр» — гэта расейскае сямейства АТРК. Яго асноўнае прызначэньне — зьнішчэньне сыстэмаў СПА і ПРА імавернага праціўніка, а таксама важных аб’ектаў (масты, склады, камандныя пункты і вузлы сувязі, самалёты і верталёты на аэрадромах, аб’екты інфраструктуры, зборы войскаў і тэхнікі, іншыя АТРК, дывізійная артылерыя, караблі).

Комплексы могуць выкарыстоўваць як крылатыя, так і квазі-балістычныя ракеты.

З ракет гэтага сямейства далёкасьць дзеяньня ад 300 да 500 км мае мадыфікацыя «Іскандэр-М», якая знаходзіцца на ўзбраеньні Ўзброеных сілаў РФ.

У 2024 годзе беларускія вайскоўцы правядуць баявыя пускі комплексу «Іскандэр», паведамляла Мінабароны.

Пра тое, што Беларусь паставіла на баявое дзяжурства перададзеныя Расеяй зэнітныя ракетныя комплексы С-400 і «Іскандэр», Аляксандар Лукашэнка заявіў па выніках перамоваў з Уладзімірам Пуціным 19 сьнежня 2022 году ў Менску.

Апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр» могуць несьці і ядзерную зброю.

Перад пасяджэньнем Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады 25 сьнежня мінулага году ў Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка заявіў журналістам, што тактычная ядзерная зброя даўно дастаўленая з РФ у Беларусь, «апошняя пастаўка адбылася на пачатку кастрычніка».

Сёньня ж, сустракаючыся з працоўным калектывам заводу «БЕЛДЖЫ» Лукашэнка заявіў, што ў бліжэйшы час улады прымуць дадатковыя меры абароны «ў частцы відавочна супрацьзаконнага кантэнту» ў інтэрнэце. Паводле яго, «такога кшталту інфармацыю трэба абмяжоўваць».

Гэтак ён адказаў на пытаньне, «як уберагчы дзяцей ад нэгатыўнага ўплыву інтэрнэту».

Ён сказаў, што яго малодшы сын Мікалай «увесь час там. Але карысьці ад яго шмат. Ён мне прыносіць усю інфармацыю: „Тата, паглядзі, народ піша“».

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG