Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) панесла самыя вялікія страты за адзін дзень з пачатку наземнай апэрацыі супраць групоўкі ХАМАС (прызнана тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ) у сэктары Газа. Па апошніх дадзеных вайсковага камандаваньня, за апошнія 24 гадзіны загінулі 24 ізраільскія вайскоўцы.
Па словах прадстаўніка ЦАХАЛ контар-адмірала Даніэля Хагары, 21 вайсковец загінуў у выніку падрыву выбухоўкі, якая знаходзілася ў двух будынках, дзе былі ізраільскія вайскоўцы. Абставіны здарэньня дасьледуюцца. Таксама паведамляецца аб паражэньні з гранатамёта ізраільскага танка.
Прэзыдэнт Ізраіля Іцхак Герцаг выказаў спачуваньні ў сувязі з гібельлю вайскоўцаў. «Сёньня вельмі цяжкая раніца», — напісаў ён.
Найбольш жорсткія баі ідуць цяпер у горадзе Хан-Юніс на паўднёвым захадзе сэктару Газа, дзе, як паведамляецца, цяпер сканцэнтраваныя асноўныя сілы ХАМАС. У панядзелак паведамлялася аб узяцьці ізраільскімі войскамі будынка лякарні, дзе, як сьцьвярджаецца, трымалі абарону байцы ХАМАС. Палестынскі бок гэтыя сьцьвярджэньні абвяргае. Падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы паведаміла аб арышце ізраільцянамі мэдыцынскіх работнікаў.
Ізраіль пачаў наземную апэрацыю ў Газе ў адказ на напад ХАМАС на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка. Тады загінулі больш за 1200 ізраільцян, у тым ліку дзяцей і іншаземцаў, былі захопленыя каля 200 закладнікаў. Больш за палову зь іх да гэтага часу застаюцца ў руках ХАМАС у сэктары Газа.
Міжнародная супольнасьць крытыкуе Ізраіль за ахвяры сярод палестынскага насельніцтва. Па дадзеных палестынскага боку, з 7 кастрычніка ў Газе загінулі больш за 25 тысяч чалавек. Ізраільскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што джыхадысты разьмяшчаюць вайсковыя аб’екты сярод густанаселенай цывільнай забудовы і прыкрываюцца мірнымі грамадзянамі як жывым шчытом.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нэтаньягу адхіліў ідэю стварэньня незалежнай Палестынскай дзяржавыВайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.