Паводле інфармацыі на 21:28 па менскім часе праваабаронцам вядомыя прозьвішчы як мінімум 84 чалавек, у якіх сёньня зладзілі ператрус ці каго затрымалі. Вядома, што прыходзілі да людзей па ўсёй Беларусі. У некаторых выпадках затрымлівалі цэлымі сем'ямі.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Віцебску затрымалі 76-гадовага Барыса Хамайду. Таксама паведамляецца, што затрымалі жонку палітвязьня Міколы Статкевіча Марыну Адамовіч. У маці актывісткі Марыны Касінеравай супрацоўнікі мясцовага КДБ 10 гадзін праводзілі ператрус і аказвалі псыхалягічны ціск, каб атрымаць неабходную ім інфармацыю.
У пастановах сілавікоў, якія 23 студзеня масава прыходзяць да сваякоў палітвязьняў і былых палітзьняволеных, фігуруюць артыкулы за «фінансаваньне экстрэмісцкіх фармаваньняў» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваньнях».
Некаторым людзям, паводле «Вясны», супрацоўнікі КДБ казалі, што затрыманьні і ператрусы зьвязаныя з праектам «INeedHelpBY», які быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Праваабаронцы раяць людзям, якіх патэнцыйна ў гэты час могуць наведаць супрацоўнікі КДБ, паклапаціцца пра бясьпеку, «асабліва пачысьціць перапіскі, якія могуць зацікавіць сілавікоў».
Як стала вядома Свабодзе, каля 6-7 раніцы да Аляксея Раманава прыйшлі супрацоўнікі сілавых структураў і правялі ператрус. Затым Аляксея забралі на допыт у КДБ. Свабодзе вядома, што гэта не адзінае затрыманьне ў Гомлі. Прыйшлі таксама да некаторых сваякоў палітвязьняў, якія адбываюць пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 студзеня: у Гомлі затрымалі былога палітвязьня Раманава; прысуд рэдактару Манцэвічу пакінулі бязь зьменаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 студзеня: прысуды за ўдзел у «Маршы новай Беларусі» і відэа з вайсковай тэхнікай