Як паведамляе «Вясна», на сайце Менскага гарвыканкаму ў адпаведным разьдзеле да гэтага часу не апублікавалі гэтага рашэньня, інфармацыя зьявілася ў дзяржаўных СМІ.
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначае, што калі на парлямэнцкіх выбарах у 2018 годзе перадвыбарную агітацыю ў Менску маглі праводзіць у «любых прыдатных для гэтага месцах» за невялікімі выключэньнямі, то цяпер гэта строга вызначаны сьпіс.
БелТА паведамляе, што Менгарвыканкам 18 студзеня 2024 года вызначыў у Менску 140 памяшканьняў для правядзеньня сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з выбарнікамі, іх давераных асоб, а таксама для перадвыбарных сходаў, якія арганізуюцца выбарнікамі.
Акрамя таго, прадугледжана 80 месцаў для правядзеньня кандыдатамі ў дэпутаты, іх даверанымі асобамі масавых сходаў для перадвыбарнай агітацыі (сходаў па-за памяшканьнямі, мітынгаў, пікетаваньня). Выбарчыя масавыя мерапрыемствы адбываюцца ў паведамляльным парадку.
Для разьмяшчэньня агітацыйных друкаваных матэрыялаў прызначана 279 месцаў, дзе зьявяцца інфармацыйныя стэнды з інфармацыяй пра кандыдатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы зафіксавалі першае парушэньне ад патэнцыйнага праўладнага кандыдата на выбарах22 студзеня начальніца Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і ў справах моладзі Менскага гарвыканкама Вольга Чамаданава расказвала, што ў інфармацыйнай выбарчай кампаніі ў тым ліку возьмуць удзел артысты. З 31 студзеня па 24 лютага заплянаваны 54 такія творчыя сустрэчы.
«Работа па разьмяшчэньні актуальнай інфармацыі аб кандыдатах у дэпутаты будзе таксама мець месца і на прадпрыемствах, і ў арганізацыях, і ва ўстановах адукацыі Менску. Прыярытэтным кірункам застаюцца офлайн-сустрэчы», – дадала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імітацыя канкурэнцыі. Такіх выбараў незалежная Беларусь яшчэ ня бачыла