Як піша РБК, размова аб васьмі фізычных асобах і пяці кампаніях, якія трымаюць каштоўныя паперы выпускаў Belarus 2023, Belarus 2026, Belarus 2027, Belarus 2030 і Belarus 2031 на суму 178 млн даляраў ЗША.
«Дэфолт Рэспублікі Беларусь па названых вышэй эўрааблігацыях стаў вынікам невыкананьня Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь сваіх абавязаньняў у пагашэньні названых вышэй эўрааблігацый і/або выплаце працэнтных купонаў па іх», — гаворыцца ў апавяшчэньні.
Інвэстары заклікалі ўрад і Нацбанк «выканаць свае абавязаньні», што, мяркуюць яны, «дазволіць у далейшым захаваць цікавасьць і давер да вонкавых публічных запазычаньняў Рэспублікі Беларусь».
Па словах прадстаўніка заяўнікаў, юрыста фірмы «Рыбалкін, Гарцунян, Дзякін і партнэры» Ўладзіміра Пестрыкава, апавяшчэньне аб дэфолце «пададзена ў строгай адпаведнасьці з нормамі права і эмісійнай дакумэнтацыяй».
Ён падкрэсьліў, што сапраўднасьць дэфолту «не залежыць ад згоды або нязгоды зь ім» з боку Беларусі.
Калі канфліктная сытуацыя ня вырашыцца, інвэстары разглядаюць магчымасьць зьвярнуцца ў Лёнданскі міжнародны трацейскі суд (LCIA).
Міністэрства фінансаў Беларусі адрэагавала на ліст расейскіх уладальнікаў беларускіх эўрабондаў, якія дапусьцілі зварот у суд, і паабяцала выпрацаваць комплексны падыход да выкананьня абавязацельстваў перад трымальнікамі эўрааблігацый. У Міністэрстве заяўляюць, што ў існай сытуацыі вінаватыя санкцыі і той факт, што эўрааблігацыі Беларусі захоўваюцца па-за межамі беларускай дэпазытарнай сыстэмы.
Як піша «Позірк», з 28 чэрвеня 2022 году Менск пагашае даўгі па дзяржаўных каштоўных паперах, разьмешчаных на замежных фінансавых рынках, беларускімі рублямі. Плацяжы пералічваюцца на спэцрахунак у «Беларусбанку», зь якога плацежнаму агенту прапанавана самастойна забіраць сродкі і разьлічвацца з інвэстарамі.
У такіх умовах кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў адносінах да беларускіх эўрабондаў.
Неўзабаве пасьля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазьбежны, другое назвала сытуацыю дэфолтам. Мінфін Беларусі раскрытыкаваў гэтыя рашэньні, але выплаты па валютных абавязаньнях у рублях працягнуліся.
У канцы 2023 году Менск выкарыстаў новую схему выплат расейскім інвэстарам па эўрабондах — праз Нацыянальны разьліковы дэпазытарый РФ, але ўсё гэтак жа ў беларускіх рублях.
Паводле інфармацыі РБК, выплаты па такой схеме тычацца толькі аднаго выпуску аблігацый — Belarus-2023 — і толькі тых інвэстараў, якія купілі адпаведныя каштоўныя паперы да 6 верасьня 2022 году. Па астатніх выпусках Мінфін плянуе выплачваць купоны па эўрабондах адначасова зь іх пагашэньнем, а «не па раней зацьверджаным графіку». Такім чынам, выплаты купонаў, напрыклад, па Belarus-2031 будуць ажыцьцёўлены толькі ў 2031 годзе. У якасьці альтэрнатыўнага варыянту Мінфін прапанаваў інвэстарам выкупіць аблігацыі за 30% ад наміналу або абмяняць іх на лякальныя паперы з падобнымі парамэтрамі.
Раней кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, камэнтуючы «Позірку» сытуацыю, адзначыў: інвэстары, якія працуюць з аўтарытарным рэжымам, павінны быць гатовыя да рызык, якія зьвязаны з «абсалютным самавольствам і беззаконьнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Расеі арыштаваў частку выплат па беларускіх эўрабондах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта першы ў гісторыі Беларусі тэхнічны дэфолт. Рэжым цягне на дно ўсіх нас», — эканаміст Алесь Аляхновіч