Белстат: Чысты прыбытак рэзыдэнтаў СЭЗ за тры кварталы 2023 году зьнізіўся на 13,7%

Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў лічбы, якія паказваюць на істотнае зьніжэньне прыбытку рэзыдэнтаў свабодных эканамічных зон Беларусі.

Агульны чысты прыбытак рэзыдэнтаў свабодных эканамічных зон (СЭЗ) Беларусі за тры першыя кварталы 2023 году скараціўся на 13,7% да студзеня–верасьня 2022-га, да 1 млрд 620,4 млн рублёў, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Прыбытак нарасьцілі тры з шасьці СЭЗ: «Гродна-Інвэст» — да 362,1 млн (у 2,4 раза), «Берасьце» — да 326,6 млн рублёў (6,7%), «Віцебск» — да 128,2 млн (37,6%).

Зона «Менск» за дзевяць месяцаў паказала прыбытак у 504,6 млн (-17,1%), «Гомель-Ратон» — 169,6 млн рублёў (-53,7%), «Магілёў» — 129,3 млн (-62,9%).

На 1 кастрычніка 2023 году ў свабодных эканамічных зонах Беларусі было 425 рэзыдэнтаў (+5), у якіх працавалі 136 438 чалавек (-1,5%).

Сальда замежнага гандлю таварамі за год павялічылася да 2 млрд 696,7 млн даляраў (+4,9%), паслугамі — зьменшылася да −28 млрд 664,4 млн (-44,7%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канец танным крэдытам? Летась беларусы пазычылі 12 млрд рублёў, экспэрт патлумачыў, да чаго гэта можа прывесьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусбанк вырашыў даваць танныя крэдыты пад 4%, але ёсьць нюанс. Расказваем, што ня так з такім рашэньнем