«Разам з Расеяй Беларусь актыўна ўдзельнічае ў фармаваньні новага справядлівага сьветапарадку, заснаванага на ўсеагульнай павазе міжнароднага права»,— зазначаецца ў віншаваньні расейскага замежнапалітычнага ведамства ў адрас беларускіх калег з нагоды Дня дыпляматычнага работніка, які адзначаецца ў Беларусі 22 студзеня.
Рыторыка аб фармаваньні «новага сьветапарадку» выкарыстоўваецца афіцыйнымі асобамі Беларусі і Расеі на фоне агрэсіўнай вайны супраць Украіны, якую разьвязала Масква 24 лютага 2022 году і якую падтрымлівае афіцыйны Менск, піша «Позірк».
Пасьля падзей 2020 году няўхільна зьніжаецца ўзровень дыпляматычнага ўзаемадзеяньня Беларусі з краінамі Захаду, дыпляматычная прысутнасьць Менску ў эўрапейскіх сталіцах зьведзена да мінімуму, у 2023 годзе закрылі беларускую амбасаду ў Славакіі. Адначасова павялічваецца колькасьць беларускіх консульскіх устаноў на тэрыторыі Расеі, Менск плянуе адкрыць пасольства ў Саудаўскай Арабіі.
Паводле МЗС Беларусі, на 1 сакавіка 2023 году сетка беларускіх замежных устаноў налічвала 71 дыпмісію: 57 амбасадаў, два сталыя прадстаўніцтвы, 11 генэральных консульстваў і адно консульства. З улікам акрэдытацыі амбасадараў па сумяшчальніцтве Беларусь прадстаўленая ў 105 дзяржавах сьвету.
Дзень дыпляматычнага работніка ў Беларусі адзначаецца 22 студзеня. У гэты дзень у 1919 годзе зьявілася першае публічнае паведамленьне ў гэзэце «Звязда» аб пачатку дзейнасьці Камісарыяту замежных справаў Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, у штаце якога было 12 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Напад на любую саюзную дзяржаву будзе лічыцца нападам на Беларусь, — прадстаўнік Генштаба ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар Алейнік зьбіраецца разьвіваць турыстычныя паездкі беларусаў у Афрыку