У выпадку ўцягваньня ў ваенныя канфлікты, якія клясыфікуюцца Ваеннай дактрынай Беларусі як «міждзяржаўныя і міжкааліцыйныя», афіцыйны Менск «будзе вымушаны ў іх удзельнічаць і прымяняць ваенную сілу», заявіў Генштаба Беларусі Арцём Буторын.
«Што датычыцца нашых саюзьніцкіх адносін, асобны разьдзел зьявіцца ў нашай ваеннай дактрыне: напад на любую саюзную дзяржаву будзе лічыцца нападам на Рэспубліку Беларусь, — сказаў 21 студзеня ў эфіры СТВ начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня Генэральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Арцём Буторын. — Плюс да гэтага будуць замацаваны асновы нашага стаўленьня да міратворчай дзейнасьці пад эгідай ААН і АДКБ».
Па словах прадстаўніка Генштаба, у дактрыне «даводзіцца, што зьяўленьне на нашай тэрыторыі ядзернай зброі зьяўляецца вымушанай мерай стратэгічнага стрымліваньня, накіраванай на прадухіленьне канфлікту».
«Што тычыцца парадку прымяненьня ядзернай зброі — гэта не прадмет ваеннай дактрыны», — сказаў Буторын.
Абноўленая ваенная дактрына была разгледжана 16 студзеня ў рамках абмеркаваньня Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі на паседжаньні Савету бясьпекі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
Рашэньне аб распрацоўваньні праекту новай дактрыны ўхвалілі пасьля ўхвалы новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі ў лютым 2023 году.
У дакумэнце, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што «Беларусь — міралюбівая краіна, нікому не пагражае, але спробы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы, а тым больш пагроза прымяненьня ваеннай сілы або агрэсія будуць спыняцца з выкарыстаньнем усяго патэнцыялу дзяржавы».
Пасьля ўхвалы Саветам бясьпекі праект дактрыны будзе вынесены на зацьвярджэньне «ўсебеларускага народнага сходу», які яшчэ не сфармаваны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здраднікі, сабатажнікі». У Генштабе расказалі, каго будуць лічыць «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Беларусі»