Ніна Жызьнеўская, маці героя Нябеснай сотні Міхася Жызьнеўскага, памерла 4 траўня 2018-га на 62-м годзе жыцьця. Менш як празь месяц пасьля таго, як пахавалі ейнага мужа, 73-гадовага Міхаіла Жызьнеўскага.
Арыгінал публікацыі за 22 студзеня 2019 году тут.
Высновы сьледзтва
У Міхаіла Жызньнеўскага, Сяргея Нігаяна (абодва загінулі 22 студзеня 2014 году) і Рамана Сеніка (загінуў 25 студзеня 2014 году) стралялі кулямі для прымусовага спыненьня транспарту, якія выкарыстоўвалі толькі падразьдзелы Міністэрства ўнутраных спраў Украіны.
У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны заявілі, што сьледчыя, якія расьсьледуюць злачынствы ў часе масавых акцый пратэсту ў Кіеве ў 2013-2014 гадах, вызначылі кола асобаў, датычных да забойства беларуса Міхаіла Жызьнеўскага.
«Датычна [Рамана] Сеніка і [Міхаіла] Жызьнеўскага ёсьць канчатковыя вынікі экспэртыз, аднак яшчэ працягваецца комплексная экспэртыза, прызначаная на падставе першых дасьледаваньняў. Таксама датычна [Сяргея] Нігаяна, Сеніка і Жызьнеўскага вызначыла кола асобаў, якіх правяраюць на датычнасьць да злачынства. Не выключаю, што ім неўзабаве ўручаць падазрэньні», — сказаў намесьнік кіраўніка дэпартамэнту ў «справах Майдану» Офісу генпракурора Ўкраіны Дзяніс Іваноў у інтэрвію ўкраінскаму агенцтву «Укрінформ».
У Офісе генпракурора Ўкраіны ў лістападзе 2023 году паведамілі, што, згодна з украінскім заканадаўствам, тэрмін даўнасьці ў справах аб цяжкіх злачынствах складае 10 гадоў, а гэта азначае, што пасьля таго адказныя за злачынствы могуць пазьбегнуць адказнасьці.
«Выключэньнем зьяўляюцца тыя справы, дзе абвінавачаныя хаваюцца ад органаў дасудовага расьсьледаваньня. У іх тэрмін даўнасьці прыпыняецца. Аднак справы па фактах забойстваў, за якія прадугледжана пакараньне ў выглядзе пажыцьцёвага пазбаўленьня волі, а таксама злачынстваў супраць дзяржаўнасьці тэрміну даўнасьці ня маюць», — удакладніў яшчэ адзін намесьнік кіраўніка дэпартамэнту ў «справах Майдану» Офісу генпракурора Ўкраіны Іван Бабенка.
Пасьмяротнае ўганараваньне
«Нарэшце!» — так сацыяльныя сеткі ва Ўкраіне адрэагавалі на ўганараваньне званьнем Героя Ўкраіны беларуса Міхася Жызьнеўскага. У 2017 годзе залатую зорку героя атрымалі бацькі — Міхаіл і Ніна Жызьнеўскія — у Кіеве падчас сустрэчы з экс-прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Менавіта бацькі набліжалі гэты дзень, неаднаразова зьвяртаючыся да ўкраінскіх уладаў з просьбай ушанаваць свайго сына пасьмяротна найвышэйшай узнагародай Украіны. Такім чынам яны хацелі спыніць хвалю абразаў і абвінавачаньняў у «бандэраўшчыне», якія пасыпаліся ў Беларусі на іхную сям’ю адразу пасьля гібелі Міхася.
«Забілі Локі!»
Міхась Жызьнеўскі стаў адной зь першых ахвяраў сутыкненьняў удзельнікаў Эўрамайдану зь міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 году, калі «Беркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разьбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей.
Першым застрэлілі ўкраінскага грамадзяніна армянскага паходжаньня Сяргея Нігаяна, другім — Міхася Жызьнеўскага. У той дзень загінулі пяць чалавек, і чацьвёра зь іх — ад агнястрэльных раненьняў у грудзі, шыю і галаву. Раненьні атрымалі каля 200 пратэстоўцаў.
У штабе нацыянальнага супраціву, дзе аказвалі мэдычную дапамогу параненым, нават не адразу ўдалося высьветліць прозьвішча беларуса — актывісты былі разгубленыя з прычыны гібелі замежнага грамадзяніна. Яго ведалі як Аляксея. Часам ён прадстаўляўся як Локі. Казаў, што выбраў гэтае імя са скандынаўскай міталёгіі — так звалі бога хітрасьці і падману, які быў адначасова станоўчым ды адмоўным героем.
Міхась Жызьнеўскі браў удзел у акцыі пратэсту зь першых дзён — ён уваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Эўрамайдан. А прыехаў ва Ўкраіну яшчэ ў 2005-м, калі яму было 17 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ў кустах знайшлі помнік герою Ўкраіны Міхасю Жызьнеўскаму. ФОТА
Уцёкі ва Ўкраіну
Як расказвала ягоная маці Ніна Жызьнеўская, кіраўнік рыцарскага клюбу, у якім займаўся Міхась, узяў яго з сабою ў якасьці «жывога шчыта»: нібыта пазычыў грошы на выраб сярэднявечных дасьпехаў, але пазыку не вярнуў і вымушаны быў уцякаць, хаваючыся ва Ўкраіне. Але сам Міхась пераконваў сяброў з УНА-УНСО, што зьехаў зь Беларусі праз палітычны перасьлед.
Міхась спачатку спрабаваў замацавацца ў Данецку, потым у Крывым Рогу і Кіеве. Урэшце спыніўся ў Белай Царкве, што за 90 кілямэтраў ад украінскай сталіцы. Там працаваў зваршчыкам і мантажнікам вокнаў. Ягоныя сябры сьцьвярджалі, што гэтая праца для Локі была толькі сродкам заробку — ён працягваў цікавіцца гісторыяй, міталёгіяй, вайсковай справай і рыцарскім рухам. Міхась займаўся страйкболам і, дарэчы, менавіта дзякуючы гэтаму захапленьню далучыўся да УНА-УНСО — у гэтай арганізацыі была выдатная страйкбольная каманда.
Пасьля ўцёкаў ва Ўкраіну Міхась Жызьнеўскі не кантактаваў зь сям’ёю на працягу 7 гадоў. Што праўда, у 2014-м плянаваў паездку да бацькоў у Гомель.
Разьвітаньне ў дзень нараджэньня
У дзень нараджэньня, калі Міхасю Жызьнеўскаму павінна было споўніцца 26 гадоў, зь ім разьвітваліся ў Міхайлаўскім саборы Кіева. Пасьля паніхіды, на якую прыйшлі каля 10 тысяч чалавек, труну пад выгукі «Герой» і «Жыве Беларусь!» несьлі па некалькіх вуліцах Кіева, праз майдан Незалежнасьці да барыкадаў на вуліцы Грушэўскага, дзе ён загінуў.
Самы вядомы герой Нябеснай сотні
У часе Рэвалюцыі годнасьці загінулі больш як 100 украінцаў. Усе яны пасьмяротна ўганараваныя званьнем Героя Ўкраіны. За выключэньнем двух замежных грамадзян — беларуса Міхася Жызьнеўскага і грузіна Давіда Кіпіяні. Для ўкраінцаў яны ўсё роўна заставаліся героямі, хоць і бяз зоркі. Абодва сталі рыцарамі ордэна Герояў Нябеснай сотні — узнагарода была заснаваная ў 2014 годзе, ужо пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне.
Можна сьцьвярджаць, што Міхась Жызьнеўскі стаў адным з самых вядомых герояў ва Ўкраіне. Яго памятаюць і шануюць.
У 2015 годзе была заснаваная ўкраінска-беларуская літаратурная прэмія памяці Міхася Жызьнеўскага «Воін сьвятла». Яе штогод прысуджаюць украінскаму і беларускаму аўтару за стварэньне вобраза героя, які адстойвае свабоду і справядлівасьць.
У 2016 годзе імя Міхася Жызьнеўскага надалі вуліцы, якая дагэтуль насіла імя Германа Цітова, у горадзе Оўручы Жытомірскай вобласьці.
У Кіеве на вуліцы Грушэўскага ёсьць два помнікі беларусу, у тым ліку на месцы ягонай гібелі пасярод праезнай часткі вуліцы Грушэўскага, а таксама памятная дошка на вуліцы Беларускай і іншыя памятныя знакі з партрэтам Міхася.
Лёс помніка Жызьнеўскаму
У лістападзе 2014 году непадалёк ад меркаванага месца гібелі Міхася Жызьнеўскага паставілі мармуровы помнік. Ён знаходзіўся на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага. Помнік быў створаны і ўсталяваны за кошт ахвяраваньняў грамадзкасьці. На ягонае афіцыйнае адкрыцьцё тады прыехалі бацькі Жызьнеўскага.
Гэтае месца стала сымбалічным для беларусаў — тут праходзілі шматлікія акцыі салідарнасьці і ўшанаваньня памяці Жызьнеўскага, а таксама ўручалі літаратурную прэмію «Воін сьвятла». Прэмія заснаваная ў 2015 годзе і ўручаецца ў дзень народзінаў Міхася Жызьнеўскага ля помніка, пастаўленага ў Кіеве побач зь месцам ягонай гібелі. Ініцыятарам стварэньня літаратурнай прэміі стаў украінскі пісьменьнік Уладзімір Даніленка, які цяпер узначальвае Кіеўскую арганізацыю Саюзу славянскіх пісьменьнікаў Украіны. Гэтую ідэю падтрымаў і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
У жніўні 2021 году па рашэньні кіеўскай гарадзкой улады гэты помнік зьнесьлі, а на ягоным месцы паставілі мэмарыяльны комплекс героям-кіеўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны.
У дэпартамэнце культуры Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі (КГДА) паведамілі Свабодзе, што помнік Герою Ўкраіны, беларусу Міхаілу Жызьнеўскаму зьнесьлі, бо ён ня меў статусу аб’екту культурнай спадчыны.
«Памятны знак Міхаілу Жызьнеўскаму не знаходзіцца на балянсе і абслугоўваньні камунальных прадпрыемстваў Пячэрскага раёну горада Кіева, на балянсе дэпартамэнту культуры і падпарадкаваных яму ўстаноў», — адзначаецца ў афіцыйным адказе на запыт Свабоды.
Дырэктар дэпартамэнту культуры КГДА Сяргей Анжыяк паведаміў, што «памятны знак» Міхаілу Жызьнеўскаму не набыў ахоўнага статусу аўтаматычна, калі тэрыторыя, на якой ён разьмяшчаўся, была ўключана ў Дзяржаўны рэестар помнікаў як помнік гісторыі мясцовага значэньня.
Паводле яго, помнік Міхаілу Жызьнеўскаму зьнесьлі, бо на гэтым месцы вырашылі зрабіць новы мэмарыял героям-кіеўлянам, якія загінулі ў антытэрарыстычнай апэрацыі з 2014 году на ўсходзе Ўкраіны.
Кіеўская гарадзкая рада заказчыкам выкананьня работ ва ўсталяваньні новага мэмарыяльнага комплексу вызначыла камунальнае прадпрыемства ў пытаньнях будаўніцтва жылых будынкаў «Житлоінвестбуд-УКБ».
«Праектна-каштарысная дакумэнтацыя, распрацаваная ў вызначаным заканадаўствам парадку, прайшла комплексную экспэртызу дзяржаўнага прадпрыемства „Укрдержбудекспертиза“, паводле якой атрымалі пазытыўную экспэртную справаздачу», — адзначаецца ў адказе на запыт Свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Кіева пацьвердзілі, што помнік Жызьнеўскаму зьнесьлі па іх распараджэньніШлях да зоркі
Ва Ўкраіне больш як тры гады ішлі дыскусіі, як ушанаваць вышэйшай узнагародай замежных грамадзян, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці. У парлямэнт накіроўваліся некалькі варыянтаў адпаведнага законапраекту.
І толькі ў красавіку 2017 году Вярхоўная Рада ўхваліла зьмены ў закон «Аб дзяржаўных узнагародах», згодна зь якімі званьне Героя Ўкраіны можа прысвойвацца як выключэньне тым замежным грамадзянам, якія ўжо «ўзнагароджаныя ордэнам Герояў Нябеснай Сотні, а таксама за зьдзяйсьненьне выключнага геройскага ўчынку, зьвязанага з адстойваньнем канстытуцыйных прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабод чалавека падчас Рэвалюцыі годнасьці (лістапад 2013 — люты 2014 году)».
З 2016 году бацькі — Міхаіл ды Ніна Жызьнеўскія — атрымлівалі і пажыцьцёвую пэнсію, прызначаную ўказам прэзыдэнта Пятра Парашэнкі на ўшанаваньне памяці іхнага сына. Бацька памёр у красавіку 2018-га на 73-м годзе жыцьця, а менш як празь месяц, у траўні 2018-га, у 61 год памерла маці.
У 2022 годзе Рада БНР абвесьціла пра ўзнагароджаньне Міхася Жызьнеўскага мэдалём Ордэну Пагоні пасьмяротна.
Няпросты выбар для Лукашэнкі
Ад пачатку акцыяў пратэсту ва Ўкраіне дзяржаўныя СМІ Беларусі выкарыстоўвалі факт гібелі Міхася Жызьнеўскага ў прапагандысцкіх фільмах, малюючы нэгатыўны вобраз Эўрамайдану. Дый сам Аляксандар Лукашэнка, калі закранаў тэму ўдзелу беларусаў у ваенных дзеяньнях на Данбасе, выказваўся даволі рэзка, хоць і пазьбягаў згадваць імя гамельчука.
«З тымі, хто ваюе, мы разьбяромся, калі яны вернуцца ў краіну. Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы прынялі рашэньне: калі ты пайшоў ваяваць (гэта значыць забіваць) — ня важна, на баку Данбаса ці супраць яго, — мы зь цябе спытаем. Гэта адзінкі, можа, нейкія два дзясяткі чалавек. Адзін на Майдане паваяваў — труп прывезьлі», — заявіў ён у 2015 годзе падчас наведваньня Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне.
Наведваньне мэмарыялу на алеі Герояў Нябеснай сотні ў Кіеве стала пратакольным захадам для ўсіх афіцыйных замежных дэлегацый. Аднак Аляксандар Лукашэнка ў часе сваіх візытаў ва Ўкраіну ніводнага разу сюды не наведваўся.