У выніку пажару, які адбыўся ўначы, Абхазія пазбавілася фондаў Нацыянальнай карціннай галерэі.
«Я хаджу і плачу. Гэта жудасна. Па словах пажарных, узгараньне адбылося на даху будынку. Відаць, адбылося замыканьне ў электраправодцы. Усе карціны згарэлі. Гэта незваротная шкода для нас. Немагчыма ацаніць шкоду, нанесеную абхаскай культуры», — сказаў дырэктар Нацыянальнай карціннай галерэі Сурам Саканія. Ягоныя словы прыводзіць агенцтва Апсныпресс.
«Можна сказаць, усё згарэла. На другім паверсе будынку Цэнтральнай выставачнай залі разьмяшчаліся фонды Нацыянальнай карціннай галерэі, больш за 4000 экзэмпляраў. Сярод іх да 300 работ Аляксандра Чачба-Шэрвашыдзэ. Гэта нічым не заменная страта для нацыянальнай культуры Абхазіі. Мяне душаць сьлёзы, мне цяжка гаварыць», — сказала выканальніца абавязкаў міністра культуры Абхазіі Дынара Смыр.
У сталіцы непрызнанай рэспублікі, адарванай ад Грузіі расейскім уварваньнем у 2008 годзе — Сухуме — ноччу загарэўся будынак Цэнтральнай выставачнай залі па вуліцы Лакоба. Сыгнал аб здарэньні паступіў на пульт дзяжурнага МНС а 3:38. Агонь тушылі адразу 11 пажарных злучэньняў. Толькі да 7-й гадзіны раніцы полымя лякалізавалі.
20 жніўня 1963 году Савет Міністраў Абхаскай АССР вынес рашэньне аб стварэньні ў Сухуме Карціннай галерэі на правах філіялу Абхаскага дзяржаўнага музэю. У стварэньні галерэі прыняў удзел знаўца мастацтва, сухумскі лекар Эзэкіэль Фішкоў. Ён перадаў у падарунак галерэі частку свайго дому і 60 карцін. У калекцыі Фішкова былі працы расейскіх мастакоў — Пятрова, Контарава, Сегаль і іншых. Яны наведалі Абхазію на пачатку ХХ стагодзьдзя.
Да адкрыцьця галерэі, якое адбылося 17 сакавіка 1964 году, мастакі Абхазіі Эшба, Брэндэль, Цамая, Іванба і іншыя падарылі свае творы. У трох залях экспанаваліся 100 карцін і 20 скульптурных работ. З гадамі фонды галерэі сыстэматычна папаўняліся работамі мастакоў Абхазіі.
Пасьля сэпаратысцкіх выступленьняў і намаганьняў стварыць незалежную ад Грузіі Абхазію ў 1992-1993, якія ў Абхазіі называюць «Айчыннай вайной народу Абхазіі», экспазыцыя галерэі закрылася. У 1994 годзе Карцінную галерэю Абхаскага дзяржаўнага музэю пераназвалі ў Нацыянальную карцінную галерэю, яна стала самастойнай дзяржаўнай установай.
У 1997 годзе пасьля рашэньня першага прэзыдэнта Абхазіі Ўладзіслава Ардзінбы галерэі вылучылі будынак былой дарэвалюцыйнай жаночай гімназіі. Неўзабаве пачаліся першыя рамонтныя работы ў будынку, якія, аднак, спыніліся з-за недахопу сродкаў.
У фондзе галерэі захоўвалася больш за чатыры тысячы работ такіх вядомых абхаскіх майстроў, як Аляксандар Чачба-Шэрвашыдзэ, Варвара Бубнова, Барыс Пятроў, Уладзімір Кантараў, Марына Эшба, Віталій Лакрба, Валерый Гамгія, Віталій Джэнія, Аміран Адлейба, Вольга Брэндэль і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Палаты прадстаўнікоў сустрэўся са сьпікерамі парлямэнтаў непрызнаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея ўжо два стагодзьдзі мучыць і цкуе Грузію». Грузіны ўспамінаюць жнівеньскую пяцідзённую вайну 2008 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У доме ў Антвэрпэне знайшлі скрадзеныя карціны Шагала і Пікаса коштам 900 тысяч даляраў