Імітацыя канкурэнцыі. Такіх выбараў незалежная Беларусь яшчэ ня бачыла

Выбары дэпутатаў. Архіўнае фота

Выбары, якія неўзабаве павінны адбыцца ў Беларусі, адметныя тым, што ўпершыню за 33 гады існаваньня незалежнай дзяржавы да ўдзелу ў іх улада не дапусьціла апазыцыю. Гэта значыць, ня менш за палову насельніцтва ня будзе мець сваіх прадстаўнікоў у органах улады нават фармальна.

Сьцісла:

  • Апазыцыйныя кандыдаты не дапушчаныя да выбарчай кампаніі. Сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат — выключна прыхільнікі ўлады.
  • Улады ствараюць імітацыю канкурэнцыі. У выніку на адно месца ў Палаце прадстаўнікоў прэтэндуюць у сярэднім 2,7 чалавека.
  • Амаль 2/3 кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў прадстаўляюць чальцы партый. Гэта шмат.
  • Гэтым разам у дэпутаты ідзе шмат прапагандыстаў, што сьведчыць пра рост палітычнай вагі гэтай катэгорыі прыхільнікаў Лукашэнкі. І таксама пра тое, што рэжым хацеў бы бачыць сярод дэпутатаў больш людзей, якіх можна ўмоўна назваць «публічнымі палітыкамі».

Завяршыўся этап вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Яшчэ павінна прайсьці іх рэгістрацыя, у працэсе якой застаецца магчымасьць адсячы ўсіх непажаданых (калі такія яшчэ засталіся). Але і тая інфармацыя ад Цэнтрвыбаркаму, якая зьявілася, дае падставу для пэўных высноваў.

Найперш, выбары, якія неўзабаве павінны адбыцца, адметныя тым, што ўпершыню за 33 гады існаваньня незалежнай Беларусі да ўдзелу ў іх улада не дапусьціла апазыцыю. Гэта значыць, ня менш за палову насельніцтва ня будзе мець сваіх прадстаўнікоў у органах улады нават фармальна. Можна сказаць, што пасьля 1996 году праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі і так практычна ня мелі (за некаторым нязначным выключэньнем) сваіх дэпутатаў. Але ім давалі магчымасьць хаця б удзельнічаць у выбарах: яны маглі падчас выбарчай кампаніі камунікаваць з электаратам, легальна займацца агітацыяй. Цяпер і гэтага няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трывожная кнопка і відэаназіраньне. Кіраўнік МУС расказаў пра захады бясьпекі на ўчастках для галасаваньня 25 лютага

Ці былі спробы вылучыцца кандыдатамі з боку апазыцыйна настроенай публікі? Кіраўнік БСДГ (зьліквідаванай у 2023 годзе) і кандыдат у прэзыдэнты 2020 году Сяргей Чэрачань казаў, што каля 40 актывістаў зь ягонай каманды зьбіраюцца балятавацца ў дэпутаты на гэтых выбарах. Нібыта нейкія падобныя рухі былі ў асяродзьдзі кампаніі «Гавары праўду». З таго, што вядома, выставіць сваю кандыдатуру ў дэпутаты спрабаваў Дзьмітры Кучук, экс-кіраўнік зьліквідаванай уладамі партыі «Зялёныя». Але ягонай ініцыятыўнай групы не зарэгістравалі, зачапіўшыся за памылку друку ў дакумэнтах.

Такім чынам, сярод кандыдатаў апынуліся адны прыхільнікі ўлады. І гэта важны паказьнік таго, у які бок эвалюцыянавала Беларусь.

Усё гэта нагадвае савецкія выбары. Аднак ёсьць адно важнае адрозьненьне. У СССР на кожнае дэпутацкае месца прэтэндаваў адзін кандыдат. Можна было б чакаць, што і цяпер так будзе. Здавалася б: пасьля ўсяго, што адбылося за апошнія тры гады, калі былі зьліквідаваныя ўсе апазыцыйныя партыі і арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, навошта гуляць у нейкую дэмакратыю? Вось вам адзін кандыдат у акрузе — і поўная свабода выбару.

Але палітычная кіраўніцтва вырашыла, што трэба стварыць нейкую імітацыю канкурэнцыі, няхай і сярод «сваіх». Каб выглядаць больш рэспэктабэльна ў вачах абываталяў. Бо адзін кандыдат у акрузе — гэта ўжо зусім дзіўна, нават для назіральнікаў ад СНД.

У выніку на 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў (ПП) вылучана 298 кандыдатаў. Такім чынам, на адно месца прэтэндуюць у сярэднім 2,7 чалавека. Гэта ў 2,4 раза менш, чым на папярэдніх выбарах у 2019 годзе (703 кандыдаты, 6,4 на месца), і ў 2,1 раза — чым на выбарах у 2016-м (630; 5,7).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вылучана 298 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэта значна менш, чым у папярэднія гады

Гэта будзе менавіта імітацыя канкурэнцыі. Бо цяжка ўявіць, што паміж аднадумцамі Лукашэнкі раптам пачнецца рэальнае спаборніцтва за галасы выбарнікаў. Таму што беларуская выбарчая машына не арыентаваная на сапраўдны падлік галасоў, у яе закладзена іншая праграма.

Аднак у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў і такой канкурэнцыі няма. На 12 514 дэпутацкіх мандатаў прэтэндуюць 18 996 чалавек. Каля чвэрці акруг будуць бесканкурэнтнымі.

Амаль 2/3 кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў прадстаўляюць сябры партый. Гэта шмат. Тое, што найбольшую колькасьць кандыдатаў (71 чалавека) вылучыла «Белая Русь», было чакана. Бо яна даўно прэтэндуе на статус «партыі ўлады».

На другім месцы — Лібэральна-дэмакратычная партыя сям’і Гайдукевічаў, якая вылучыла 54 кандыдаты. Яе лідэр Алег Гайдукевіч увесь час хваліўся, што ягоная партыя самая «крутая», самая масавая ў Беларусі. Падчас мінулых выбараў яна выстаўляла кандыдатаў практычна ва ўсіх акругах, чаго нельга было сказаць пра іншыя арганізацыі. А цяпер, здавалася б, перад ЛДП адкрываюцца новыя гарызонты. Яе лідэр Алег Гайдукевіч зьяўляецца самым «раскручаным» дэпутатам ПП, ён рэгулярна зьяўляецца ва ўсіх прапагандысцкіх перадачах БТ, зацята хваліць Лукашэнку і бэсьціць апазыцыю. Канкурэнты ў выглядзе апазыцыйных партый зьніклі. Можна было б разгарнуцца на поўную моц, бесьперашкодна выставіць кандыдатаў у кожнай акрузе і, дамовіўшыся з адміністрацыяй Лукашэнкі, атрымаць самую вялікую фракцыю ў ПП. Аднак ЛДП вылучыла толькі 54 кандыдатаў — у палове акруг. Відаць, празьмерныя амбіцыі Алега Гайдукевіча насьцярожваюць атачэньне Лукашэнкі, таму ЛДП патроху абмяжоўваюць, «выстаўляюць сьцяжкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад выбарамі ў БДУ ідзе новая хваля рэпрэсій супраць выкладчыкаў, — палітоляг Турарбекава

Гэтым разам у дэпутаты ідзе шмат прапагандыстаў. У ПП балятуюцца Вадзім Гігін, Аляксандар Шпакоўскі, Вадзім Баравік. На месцы ў Менскім гарадзкім савеце дэпутатаў прэтэндуе кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант, кіраўнік дзяржагенцтва «Мінск-Навіны» і праўладнага Саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў, тэлевядоўца дзяржаўнага канала СТВ Яўген Пуставы, скандальна вядомая «інфаказачка» Вольга Бондарава.

Што азначае такі вялікі паход прапагандыстаў у органы ўлады? Найперш гэта сьведчыць пра рост палітычнай вагі гэтай катэгорыі прыхільнікаў Лукашэнкі. І таксама пра тое, што палітычнае кіраўніцтва хацела б бачыць сярод дэпутатаў больш людзей, якіх можна ўмоўна назваць «публічнымі палітыкамі». Бо абсалютная большасьць цяперашняга складу ПП да такога статусу недацягвае: гэтыя людзі ня ўмеюць выступаць публічна, пераконваць аўдыторыю. І як іх цягнуць у студыю, на экран, на нейкія ток-шоў? Таму вырашылі ўмацаваць дэпутацкі склад прафэсійнымі прапагандыстамі, каб ня бачыць на ўсіх экранах аднаго Гайдукевіча.

Не выключаю, што на этапе рэгістрацыі кандыдатаў могуць быць нечаканасьці: напрыклад, могуць не зарэгістраваць кагосьці зь вядомых кандыдатаў, каб не ствараць нейкай дадатковай напружанасьці ў акругах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стане з Марзалюком? Расказваем пра выбарчыя акругі, дзе незразумела, хто будзе дэпутатам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнка мяняе кіраўніка сваёй адміністрацыі