Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі правяла чарговую атэстацыю адвакатаў Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. У выніку ліцэнзій пазбавіліся некалькі адвакатаў, піша прэс-служба ведамства.
Камісія вынесла рашэньне аб магчымасьці спыненьня ліцэнзій адвакатаў Сьвятланы Бірылавай і Антона Навіцкага — нібыта за «недастатковую кваліфікацыю адвакатаў, пацьверджаную рашэньнем Кваліфікацыйнай камісіі ад 21 сьнежня 2023 году».
Сьвятлана Бірылава абараняла палітзьняволеных журналістаў Паўла Мажэйку і Дзяніса Івашына, а таксама многіх іншых беларусаў у «палітычных» справах.
Адвакат Аляксей Сакалоў пазбавіўся ліцэнзіі нібыта за «правіну, не сумяшчальную са званьнем адваката».
Таксама ў рашэньні камісіі сказана аб немагчымасьці выкананьня адвакатамі Натальляй Конада і Ігарам Рыжым сваіх прафэсійных абавязкаў нібыта «з прычыны недастатковай кваліфікацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баюся сказаць лішняе слова нават сваякам падабароннага». Чаму ў палітвязьняў часта няма адвакатаўКаго яшчэ пазбавілі ліцэнзій
Летась Міністэрства юстыцыі заявіла, што адвакаты Марына Вараб’ёва і Сьвятлана Пятроўская ня могуць выконваць сваіх прафэсійных абавязкаў нібыта з прычыны «недастатковай кваліфікацыі».
Таксама камісія спыніла ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне адвакацкай дзейнасьці ў дачыненьні да Аляксандра Бірылава, Вольгі Дрозд, Ільлі Казака, Сяргея Каліноўскага, Паўла Міронава.
30 траўня ліцэнзій пазбавілі Аляксандра Ўласевіча і Сьвятлану Якушаву зь Віцебскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама раней выключаных зь Менскай абласной калегіі адвакатаў Юрыя Козікава і Арцёма Сям’янава. Прычынай называецца «зьдзяйсьненьне імі правінаў, несумяшчальных са званьнем адваката».
Са згаданых вышэй Юры Козікаў абараняў Максіма Знака і былога сьледчага Яўгена Юшкевіча, Арцём Сямʼянаў — адвакат Валянціна Стэфановіча, Тацяны Кузінай, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса. Абодва юрысты затрымліваліся ў сакавіку, калі ўлады зладзілі на адвакатаў сапраўдную аблаву, і адседзелі суткі.
За час пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году дзясяткі юрыстаў, якія былі абаронцамі ў палітычных працэсах, пазбавілі адвакацкіх ліцэнзіяў.
Акрамя таго, у Беларусі за кратамі знаходзяцца шасьцёра адвакатаў, якіх прызналі палітычнымі вязьнямі:
- Максім Знак (6 верасьня 2021 г. асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня);
- Аляксандар Данілевіч (10 красавіка 2023 г. асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня);
- Віталь Брагінец (2 лютага 2023 г. асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня);
- Анастасія Лазарэнка (11 траўня 2023 г. асуджаная на 6 гадоў пазбаўленьня волі);
- Юлія Юргілевіч (затрыманая 30 жніўня 2022 году; на сёньняшні дзень разгляду справы яшчэ не было);
- Аляксей Бародка (затрыманы ў студзені 2023 г., 15 траўня пачаўся разгляд справы).