Паўторную праверку правядуць з удзелам незалежных арганізацый. Аб гэтым журналістам заявіў афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Марк Адамс, адзначае ТАСС.
«Магу толькі ў агульных рысах сказаць, бо ня ведаю ўсіх дэталяў. Мы ў працэсе пошуку і прызначэньня незалежных аналітыкаў з добрай рэпутацыяй, якія правераць кожнага з гэтых спартоўцаў. Людзі, якія кваліфікаваліся, ужо прайшлі адну праверку, але МАК правядзе другую, з удзелам незалежных арганізацый», — сказаў Адамс.
8 сьнежня летась МАК дапусьціў расейцаў і беларусаў да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў нэўтральным статусе. МАК паведаміў, што такіх атлетаў не дапусьцяць да ўсіх камандных спаборніцтваў. Ва ўдзеле ў Алімпіядзе таксама адмовяць асобам, якія актыўна падтрымліваюць ваенныя дзеяньні.
Таксама МАК заявіў, што ня будуць дапушчаны да Алімпіяды асобы, зьвязаныя з войскам ці арганізацыямі нацыянальнай бясьпекі. Афіцыйныя асобы застануцца без акрэдытацыі на спаборніцтвы. Акрамя таго, на Алімпіядзе будзе забаронена дэманстраваць афіцыйную сымболіку Расеі і Беларусі.
14 сьнежня ў МАК паведамілі, што ліцэнзіі для ўдзелу ў Гульнях атрымалі шэсьць расейцаў і пяць беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія і расейскія спартоўцы прапусьцяць зімовую юнацкую Алімпіяду-2024 у Паўднёвай Карэі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наезьнікаў зь Беларусі і Расеі адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе-2024 незалежна ад статусу