Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з Расеяй удалося «пабудаваць такія саюзныя дачыненьні, якіх на плянэце ніхто ня ведаў і ня ведае», але прызнаўся, што вяліся перамовы аб стварэньні адзінага мытнага органа.
«Расея і Беларусь — сувэрэнныя, незалежныя дзяржавы. З гэтага трэба зыходзіць пры ўхваленьні тых ці іншых рашэньняў. І, як бачыце, у нас атрымліваецца пабудаваць такія саюзныя дачыненьні, якіх на плянэце ніхто ня ведаў і ня ведае», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
18 студзеня ён на нарадзе з урадам Беларусі заявіў, што пры ўніфікацыі беларускага заканадаўства з расейскім «нельга ўшчамляць інтарэсы дзяржавы».
Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што пры ўніфікацыі мытнага заканадаўства гучалі прапановы «ледзь не стварыць адно міністэрства або мытны камітэт».
«Мы катэгарычна ад гэтага адмовіліся і дамовіліся на вышэйшым савеце, што створым адзіную групу, якая будзе ўносіць рэкамэндацыі, бачыць, як ажыцьцяўляецца мытны кантроль і гэтак далей, не пазбаўляючы дзяржавы гэтых паўнамоцтваў і функцый. Гэта гаворыць пра тое, што мы, Расея і Беларусі, сувэрэнныя, незалежныя дзяржавы. І з гэтага трэба зыходзіць пры ўхваленьні тых ці іншых рашэньняў», — паведаміў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве заявілі, што плянуюць рэалізаваць дамову аб «саюзнай дзяржаве» зь Беларусьсю да 2026 годуПра вывад замежнага капіталу зь Беларусі
Аляксандар Лукашэнка выказаў патрабаваньне да ўраду імгненна супрацьдзейнічаць вываду капіталу зь Беларусі ў «недружалюбныя дзяржавы». «Ёсьць кампаніі — нашы, ня нашы. Атрымалі прыбытак, грошы нейкія, і вывелі за межы Беларусі, разьмясьцілі на рахунках. Грошы, заробленыя нашымі людзьмі, выводзяць за межы Беларусі і там працуюць на розных нягоднікаў».
«Санкцыі — традыцыйная і шматкроць адпрацаваная практыка ціску так званых сусьветных лідэраў на няўгодныя ім краіны. На жаль, гэта, калі можна так сказаць, модны эканамічны трэнд. Такім чынам і Штаты, і Эўрапейскі зьвяз даўно распраўляюцца з канкурэнтамі», — заявіў ён.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што Беларусь прапануе іншаземцам лепшыя ўмовы — прэфэрэнцыі, ільготы і інфраструктуру. «Прыходзь і працуй. Але не дзеля нажывы за кошт нашага народу. А калі нехта паспрабуе, то ёсьць мэханізмы супрацьдзеяньня і ўтлумачваньня», — папярэдзіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інвэстыцыі зь Вялікай Брытаніі ўпалі ў 45 разоў, з Польшчы — у 4,5 раза. Як замежны бізнэс сыходзіць зь БеларусіКанфіскацыя маёмасьці іншаземных кампаній у адказ на выхад зь Беларусі
Аляксандар Лукашэнка лічыць, што ўрад «цудоўна разабраўся» з маёмасьцю кампаніі McDonald’s.
«Мы дамовіліся: ніякай маёмасьці мы нікому не прадаём, не перадаём, калі ў выніку санкцый або іншых нейкіх прычын іншаземцы, якія тут маюць уласнасьць, прадпрыемствы, кампаніі, пакідаюць наш рынак. Як я казаў, дасьвідос, мы разьбярэмся самі. І, як паказвае той жа „Макдональдс“, мы цудоўна з гэтым разабраліся: людзі з задавальненьнем ходзяць туды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люстэрка»: Чыноўнікі забіраюць ва ўласнасьць дзяржавы былы McDonald’s