Перачэпліваньне замежных фураў у Беларусі, якое ўвялі ў адказ на санкцыі ЭЗ, стане платным

Фуры, ілюстрацыйнае фота

Размова ідзе аб фурах з краін Эўразьвязу, сказана ў дакумэнце, які апублікавалі 18 студзеня на Нацыянальным прававым партале.

Урад вызначыў, якім будзе збор за ўезд і разьмяшчэньне на працягу першага дня ў спэцыяльна вызначаным месцы для перачэпліваньня аднаго грузавога аўтамабіля або цягача.

У пастанове ўраду прапісана, што тарыф на паслугу на працягу першых сутак для аднаго транспартнага сродку вызначаны ў памеры трох базавых велічынь, уключаючы падатак на даданую вартасьць.

Зараз тры базавыя велічыні — гэта 120 рублёў.

Як сказана ў пастанове Мытнага камітэту, якая выйшла паралельна, Берасьцейская, Віцебская і Горадзенская рэгіянальныя мытні будуць рэгістраваць разьлік збору за гэтыя паслугі.

Абодва дакумэнты запрацуюць з 22 студзеня.

Пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам у красавіку 2022 года санкцый у дачыненьні да беларускіх і расейскіх грузаперавозчыкаў Менск прыняў контрсанкцыі, згодна з якімі зарэгістраваныя ў ЭЗ перавозчыкі могуць праехаць у Беларусь толькі праз пэўныя пункты пропуску да спэцыяльных месцаў, дзе будзе праводзіцца перачэпка грузаў да беларускіх аўтамабіляў.

У лютым 2023-га, пасьля закрыцьця польскім бокам аўтадарожнага пункта пропуску «Баброўнікі» (сумежны беларускі – «Бераставіца»), прэм'ер-міністар Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, згодна зь якой рух зарэгістраваных у Польшчы грузавікоў і цягачоў, грузавыя апэрацыі і перачэпка дазволены толькі на польска-беларускай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для грузавікоў з Армэніі, Казахстана і Кыргызстана выдзелілі толькі адзін пераход на беларуска-расейскай мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіроўцы больш як 1500 фураў сустрэлі Новы год у чэргах на беларускіх межах з Эўразьвязам