Навошта Лукашэнка мяняе кіраўніка сваёй адміністрацыі

Натальля Качанава, Аляксандар Лукашэнка, Ігар Сергеенка, 10 снежня 2019

У сьпісе кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў апынуўся кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка.

Гэта значыць, яго чакае адстаўка. Генэрал КДБ Ігар Сергеенка быў прызначаны кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта 6 сьнежня 2019 году менавіта пад прэзыдэнцкія выбары наступнага году. Асноўная ягоная задача была ў тым, каб правесьці выбарчую кампанію ціха, беспраблемна, як тэхнічную працэдуру. Аднак тую задачу Сергеенка скандальна праваліў. І нават дзіўна, што пасьля такога фіяска так доўга ўтрымаўся на пасадзе.

Сьцісла:

  • У сьпісе кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў апынуўся кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка. Такім чынам, неўзабаве ён страціць пасаду.
  • У 2020 годзе Сергеенка праваліў кампанію прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Пошук новага кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі — гэта яшчэ адна прыкмета пачатку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2025 году.
  • Карупцыйны скандал у Кіраўніцтве спраў Аляксандра Лукашэнкі зьніжае шанцы кіраўніка гэтай структуры Юрыя Назарава заняць месца Ігара Сергеенкі.
  • Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта — гэта адна з самых карумпаваных, крыміналізаваных структураў у дзяржаве.

Апублікавалі сьпіс асобаў, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Яшчэ павінна прайсьці іх рэгістрацыя, у працэсе якой адсякуць усіх непажаданых (калі толькі такія там засталіся). Але нават гэты папярэдні сьпіс дае падставы ўбачыць пэўныя кадравыя перастаноўкі, якія плянуе зрабіць Аляксандар Лукашэнка.

Справа ў тым, што, паводле заканадаўства, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць стала, яны ня могуць сумяшчаць сваю працу зь нейкай іншай пасадай. І калі высокі чыноўнік прэтэндуе на дэпутацкі мандат, то гэта значыць, што яму давядзецца пакінуць ранейшае месца працы. Гэта тычыцца, напрыклад, міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касьцевіч, старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды, памочніка Аляксандра Лукашэнкі па Менску Аляксандра Барсукова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вылучана 298 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэта значна менш, чым у папярэднія гады

Аднак галоўная нечаканасьць выявілася ў тым, што ў сьпісе кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў апынуўся кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка. У цяперашняй ярархіі гэта фактычна другая пасада ў дзяржаве. Мяркуючы па ўсім, яго плянуюць зрабіць старшынёй Палаты прадстаўнікоў замест цяперашняга сьпікера Ўладзімера Андрэйчанкі, якога выпраўляюць на пэнсію. Для Сергеенкі гэта значнае паніжэньне. Бо ў беларускай палітычнай сыстэме парлямэнт — гэта дэкаратыўны орган, які амаль ні на што не ўплывае. Такое месца ганаровай ссылкі, своеасаблівы «залаты парашут» для чыноўнікаў перадпэнсійнага ўзросту.

Генэрал Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Ігар Сергеенка, які займаў пасаду першага намесьніка старшыні КДБ, быў прызначаны кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта 6 сьнежня 2019 году менавіта пад прэзыдэнцкія выбары наступнага году. Асноўная ягоная задача палягала ў тым, каб правесьці тую кампанію ціха, спакойна, беспраблемна, як тэхнічную працэдуру. Аднак у рэальнасьці ўсё пайшло ня так. Пастаўленую Лукашэнкам задачу Сергеенка скандальна праваліў. Падчас масавых пратэстаў 2020 году Лукашэнку, каб уратаваць сытуацыю, давялося ліхаманкава мяняць прэм’ер-міністра (Сяргея Румаса на Рамана Галоўчанку), кіраўнікоў усіх сілавых ведамстваў. І нават дзіўна, што Сергеенка пасьля такога грандыёзнага фіяска так доўга ўтрымаўся. Але цяпер надышла і ягоная чарга.

Пошук новага кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі — гэта яшчэ адна прыкмета пачатку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2025 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары безь непажаданых сьведак. Чаму ўлады адмовіліся ад назіральнікаў АБСЭ?

Паводле інфармацыі «Нашай нівы», асноўным кандыдатам на месца Ігара Сергеенкі нібыта разглядаўся кіраўнік спраў Лукашэнкі Юры Назараў. Аднак затрыманьне ягонага першага намесьніка Дзьмітрыя Рыбко праз падазрэньне ў атрыманьні хабару моцна паніжае пэрспэктывы кар’ернага росту самога Назарава.

Тут варта зьвярнуць увагу вось на што. 30-гадовы досьвед функцыянаваньня Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта сьведчыць пра тое, што гэта ці ня самая карумпаваная, крыміналізаваная структура ў дзяржаве. Тры яе кіраўнікі (Іван Ціцянкоў, Галіна Жураўкова, Мікалай Корбут) у свой час пакідалі гэтую пасаду з гучнымі скандаламі і абвінавачваньнямі ў карупцыі.

У 1999 годзе першы кіраўнік спраў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў пакінуў сваю пасаду і зьехаў у Маскву. Адказваючы на пытаньні журналістаў аб прычынах той адстаўкі, Лукашэнка сказаў: «Красьці трэба было менш», «хай спачатку верне 40 мільёнаў даляраў».

У 2004 годзе была арыштаваная кіраўніца спраў прэзыдэнта Галіна Жураўкова. Суд прызнаў, што яна прысвоіла $3,2 мільёна, і прыгаварыў яе да 4 гадоў пазбаўленьня волі. Але Лукашэнка сваім указам вызваліў яе ад пакараньня.

У 2013 годзе пасьля адстаўкі чарговага кіраўніка спраў прэзыдэнта Мікалая Корбута завялі некалькі крымінальных спраў. На адмысловай нарадзе, прысьвечанай гэтай тэме, Лукашэнка кінуў фразу: «Розуму неспасьціжна, як гэта стала магчыма ў гэтай структуры».

І вось чарговы казус. Як казаў у такіх выпадках былы расейскі прэм’ер Віктар Чарнамырдзін, «ніколі такога не было — і вось зноў».

Цяпер Лукашэнка будзе шукаць кандыдата на пасаду кіраўніка сваёй адміністрацыі, які зможа забясьпечыць правядзеньне прэзыдэнцкай кампаніі з гарантаваным вынікам і ня так, як у 2020 годзе. Цяжкая задача.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сергеенку вылучылі ў дэпутаты. Калі ён пераможа, то мае сысьці з пасады кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будуць у Лукашэнкі канкурэнты на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году