Першая намесьніца старшыні Чарнігаўскай абласной рады Ніна Лемеш заявіла, што беларусы дапамагалі чарнігаўцам, якія ў лютым–красавіку 2022 году апынуліся ў расейскай акупацыі.
Як паведаміла чарнігаўскае выданьне 0462.ua, пра гэта Ніна Лемеш заявіла на адкрыцьці ў Чарнігаўскім абласным музэі фотавыставы «З Украінай у сэрцы» аб беларускіх добраахвотніках, якія загінулі, абараняючы Ўкраіну.
«Вельмі добра памятаю люты-сакавік 2022 году, калі жыхары, якія апынуліся ў поўнай акупацыі, мелі сувязь і знаходзілі гэтую сувязь з нашымі неакупаванымі тэрыторыямі, асабліва моцнае плячо падставілі беларусы. Але гэта ня той рэжым беларускі, які зрабіў усё, каб з тэрыторыі Беларусі ляцелі ракеты і ішлі войскі», — сказала Ніна Лемеш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеканал «Настоящее время» зьняў фільм пра беларускіх добраахвотнікаў ва ЎкраінеУ інтэрвію выданьню першая намесьніца старшыні Чарнігаўскай абласной рады ўдакладніла, што ў часе акупацыі зь Беларусі атрымлівалі прадукты і мэдыкамэнты.
«Ёсьць такія факты, калі жыхары акупаванай тэрыторыі ехалі ў Беларусь і прывозілі адтуль прадукты, лекі. Яны ехалі ў Беларусь, знаходзілі там кантакт, куды ехаць, каб купіць. Гэта не адзінкавыя выпадкі. Яшчэ ў красавіку, калі мы размаўлялі [з жыхарамі дэакупаваных тэрыторый Чарнігаўшчыны], казалі пра неадназначнасьць: зь Беларусі паляцелі ракеты і пайшлі расейцы, але там шмат людзей не падтрымліваюць гэтага, яны там проста не гавораць пра гэта ўголас, але яны падтрымліваюць менавіта Ўкраіну. У Беларусі былі такія кантакты і дапамога была», — дадала Ніна Лемеш.
На вайне загінулі 9 этнічных беларусаў з Чарнігаўшчыны
Настаяцель чарнігаўскага храма ў гонар Іаана-Воіна айцец Яўген Орда, беларус паходжаньнем, паведаміў, што цягам 2014–2022 гадоў загінулі 9 этнічных беларусаў з Чарнігава, абараняючы Ўкраіну.
«Гэтыя людзі — сапраўдныя грамадзяне нашай дзяржавы. Я ведаю дзевяць беларусаў, якія аддалі сваё жыцьцё за нашу ўкраінскую дзяржаву. Іх пахавалі на Яцэве (могілкі ў Чарнігаве. — РС). Яны заўсёды былі ўкраінцамі і заўсёды застануцца беларусамі», — працытавала айца Яўгена чарнігаўскае выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мару пасьля вайны прыехаць у Беларусь і служыць на беларускай мове». Сьвятар — пра вайну і службы ў акопах«Беларусы не падтрымліваюць вайну»
Кіраўнік дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч (ён займаецца арганізацыяй экспазыцыі «З Украінай у сэрцы» у розных гарадах Украіны і Эўропы) адзначыў, што такія мерапрыемствы дапамагаюць патлумачыць украінцам розьніцу між беларускім народам і прадстаўнікамі дзяржавы, якія падтрымалі расейскую агрэсію супраць Украіны.
«Мы тут для таго, каб жыхарам Чарнігава патлумачыць і паказаць розьніцу між лукашыстамі і беларусамі. Беларусы — гэта тыя, хто з 2014-га аддаюць свае жыцьці за эўрапейскі выбар і эўрапейскія каштоўнасьці. Беларусы — гэта тыя, хто плячо ў плячо з украінцамі стаяць тут, супрацьстаяць расейскім акупантам, а лукашысты — тыя, хто даў сваю тэрыторыю для поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну.
На маю думку, у Беларусі больш беларусаў. Але варта разумець, што пакуль што Беларусь знаходзіцца пад двайной акупацыяй: першая акупацыя — злачынны рэжым Лукашэнкі, другая — акупацыя Расейскай Фэдэрацыі. І сёньня нам трэба супрацьстаяць расейскай прапагандзе, змагацца за сьвядомасьць беларусаў, каб між нашымі народамі зноў будаваць партнэрскія дачыненьні», — сказаў Аляксей Францкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні адкрылася выстава пра беларускіх добраахвотнікаў. На вайне ва Ўкраіне загінулі больш за 40 беларусаў. ФОТА