«Такія асобы, як Бондарава, у публічнай прасторы да 2020 году былі немагчымыя», — мэдыяэкспэртка Сідорская

Падчас пратэстаў 2020 году ля сядзібы дзяржаўных тэлеканалаў АНТ і СТВ

Мэдыяэкспэрт, доктар філялягічных навук Ірына Сідорская разважае аб прычынах канфліктаў паміж праўладнымі прапагандыстамі, адказвае на пытаньне, чаму ўлады цярпяць Вольгу Бондараву, і прагназуе, як будзе паводзіць сябе прапаганда падчас выбарчай кампаніі.

Сьцісла:

  • Цяперашніх прапагандыстаў можна ўмоўна падзяліць на дзьве вялікія групы.
  • Беларуская дзяржава з гледзішча Лукашэнкі — гэта толькі сродак для захаваньня ягонай улады.
  • Сказаць штосьці супраць Расеі ў публічнай прасторы Беларусі ніхто ўжо ня можа, таму і расквітнелі такія маргіналы, як Бондарава.
  • Ператвараць «іншых» у ворагаў — гэта робіць толькі прапаганда.
  • Лукашэнка заўсёды казаў тое, што ад яго хочуць пачуць, і гэта залежала ад канкрэтнай аўдыторыі.

— Чаму амаль штотыдзень мы назіраем публічныя канфлікты сярод прапагандыстаў розных узроўняў? Дзеля чаго ўлада дапускае гэта, хаця, відавочна, магла б такое забараніць у прынцыпе? Ці гэта проста пэрсанальныя супярэчнасьці, альбо мы назіраем супрацьстаяньне розных падыходаў сярод лукашэнкаўцаў?

— Усё, што вы пералічылі, мае месца, і тут некалькі прычынаў. Важна вылучыць, што тут галоўнае, а што на пэрыфэрыі.

Усіх цяперашніх прапагандыстаў можна ўмоўна падзяліць на дзьве вялікія групы. Першая група — тыя, якія за сувэрэнную Беларусь, зразумела, у цесным саюзе з «братняй» Расеяй, але ўсё-такі ў рангу сувэрэннай краіны.

Доктар філялягічных навук Ірына Сідорская

Другая група — адкрыта прарасейская. Яны былі заўсёды, як той жа Вадзім Гігін, які не хаваў сваіх поглядаў. І падчас «шматвэктарнасьці» у 2015–2019 гадах яго адсунулі ад улады, але ў 2020 годзе «дасталі з палічкі» і ён «на кані», бо цяпер самыя адкрытыя прарасейскія настроі ўжо не хаваюцца.

Сацыёляг Біканаў у сваіх дасьледаваньнях вылучае даволі вялікую масу «прасавецкіх» беларусаў. Прапагандысты зь першай групы акурат адлюстроўваюць гэтыя настроі, яны за «савецкую Беларусь», маюць менавіта такую ідэнтычнасьць.

Але занадта вялікіх спрэчак паміж гэтымі дзьвюма групамі прапагандыстаў ня можа быць, бо ў краіне няма цьвёрдай ідэалёгіі. Колькі Лукашэнка ні загадваў яе стварыць, гэтага так і не ўдалося. Цяпер беларуская дзяржава, з гледзішча Лукашэнкі, гэта толькі сродак для захаваньня ягонай улады. І ўся сыстэма працуе толькі на тое, каб захаваць уладу Лукашэнкі. І ўся «барацьба» ідэолягаў паміж сабой — гэта барацьба за рэсурсы, за набліжанасьць да ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўдыторыя прапагандыста Азаронка — пераважна «змагары», — мэдыяэкспэртка Сідорская

— Але цяпер зьявіліся пэрсанажы кшталту Бондаравай, якіх раней немагчыма было ўявіць у публічнай прасторы. Можна ўспомніць справу «Рэгнума», калі ў Беларусі занадта прарасейскіх публіцыстаў проста асудзілі. За тое, што яны ставілі пад пытаньне незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, самастойнасьць Менску ў прыняцьці рашэньняў. Няўжо ўладзе прыемна цярпець тое, што гаворыць і робіць Бондарава? Ці таму, што яна прамаскоўская, яе нельга чапаць і ёй усё дазволена?

— Я думаю, другое. Чыноўнікі вымушаныя цярпець. Раней у той ці іншай ступені была шматвэктарнасьць, можна было лявіраваць. Цяпер Лукашэнка пасварыўся з усімі, ёсьць толькі адзіны партнэр і абаронца — Расея. Зразумела, што сказаць штосьці супраць Расеі ніхто ўжо ня можа, таму і расквітнелі такія маргіналы, як Бондарава, якая проста ненавідзіць усё беларускае. Бондарава ж нават ідзе зараз у Менскі гарадзкі савет.

— Здаецца, там ёсьць афіцыйны кандыдат, які яе «пераможа».

— Спадзяюся. Такія асобы, як Бондарава, былі немагчымыя ў публічнай прасторы да 2020 году. Раней пры першай спробе высунуцца іх бы адразу прыкрылі альбо нават пасадзілі.

Цяпер у гэтай улады няма ніякіх устойлівых доўгатэрміновых мэтаў, дзейнічае правіла «дзень прастаяць, ноч пратрымацца». Адна мэта — захоўваць уладу, і ўсё астатняе патрэбна толькі ў той ступені, наколькі служыць гэтай галоўнай мэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АПК падрыхтаваў канцэпцыю «беларускай мары»: стратэгію нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця

— Натуральна, тут ёсьць эфэкт аб’яднаньня вакол адзінага ворага. Вораг для іх — беларускае грамадзтва, тыя, каго яны называюць «беглымі», «змагарамі», «сьвядомымі». Барацьба зь імі іх і аб’ядноўвае. Але вораг жа ня толькі «зьбеглыя», а і ўвесь Захад. Дык барацьба з такім магутным ворагам можа працягвацца бясконца?

— Гэта можа працаваць доўга. Гэта ў чалавечай натуры, калі даводзіцца выжываць, то трэба адрозьніваць «сваіх» ад «чужых». Але ператвараць «іншых» у ворагаў — гэта робіць толькі прапаганда. Мастацтва, культура вучаць нас, што да «іншых» трэба ставіцца прыязна, гуманна. А прапаганда акурат імкнецца ператварыць «чужых» у ворагаў, распальвае варожасьць унутры грамадзтва або варожасьць да іншых нацыяў. І ў выніку тлумачыць усе заганы жыцьця падкопамі тых самых ворагаў — маўляў, было б усё добра, але Захад уводзіць санкцыі, хоча на нас напасьці, «змагары» не даюць нам жыць.

— А якая частка насельніцтва верыць такой прапагандзе, паддаецца ёй?

— Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што гэта ня больш за 25-30 працэнтаў. На жаль, шмат людзей абыякавых, якія ў цэлым не падзяляюць гэта, але жывуць з дэвізам «маю хата з краю», буду жыць сваім прыватным жыцьцём. Але беларусы тут не ўнікальныя — у любых краінах хапае людзей, якія супраць усяго новага, супраць дэмакратыі.

— Ці можна сказаць, што ў цяперашняй выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў улада выдасьць прапагандыстам пэўныя мэтадычкі, як трэба асьвятляць гэтую кампанію? Ці гэта не настолькі важная падзея, каб фармаваць нейкія строгія правілы? Маўляў, дастаткова таго, каб прызначаны кандыдат быў за стабільнасьць і за Лукашэнку.

— Яны як займаліся імітацыяй дэмакратыі, так і займаюцца цяпер. Лукашэнка аднойчы сказаў, што «часам не да законаў», але пасьля гэтага, наадварот, улада пачала актыўна прымаць новыя законы — дзеля таго, каб судзіць сваіх апанэнтаў нібыта законна.

Грамадзтва заўсёды чакае нейкага вобразу будучыні, у тым ліку ад улады. А ўлада гаворыць толькі пра тое, «як добра было раней», і «трэба зьберагчы тое, што ёсьць». Пра разьвіцьцё няма нічога. Таму нейкія мэсэджы таго, як і куды павінна рухацца Беларусь, можа, хтосьці з гэтых кандыдатаў і паспрабуе прадставіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве прэзэнтавалі стратэгію нацыянальнага адраджэньня Беларусі

— Ідэалёгіі ва ўлады сапраўды няма, хаця і заяўляецца пра яе неабходнасьць. Але калі паглядзець з другога боку — можа, яна наўмысна не канструюе ніякай строгай ідэалёгіі, каб яе можна было мяняць у патрэбны бок у залежнасьці ад сытуацыі?

— Так, Лукашэнка заўсёды быў такім, і ў лепшыя свае часы. Ён заўсёды гаварыў пра тое, што ад яго хочуць пачуць, і гэта залежала ад канкрэтнай аўдыторыі. У самога яго не было ніякай дакладнай ідэалёгіі. У гэтым і сутнасьць аўтарытарнай дзяржавы — яна завязаная на канкрэтнай асобе. І гэтая пэрсона, каб нікому не аддаваць сваёй улады, проста падладжваецца пад сытуацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стэндап-клюб імя Зоські Верас», школа традыцыйнага строю Ваданосавай, «Палітвязынка». Расказваем пра найважнейшыя жаночыя праекты 2023 году