Сьвятлана Ціханоўская 17 студзеня ўжо выступіла у імпрэзах афіцыйнай праграмы Форуму, у тым ліку на панэлі высокага ўзроўню «Абараняючы Адзіны фронт Эўропы».
Разам зь ёю у дыскусіі бралі ўдзел прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзыдэнтка Вэнгрыі Каталін Новак, прэм’ер-міністар Харватыі Андрэй Пленкавіч і міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.
Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, у часе дыскусіі «Абараняючы Адзіны фронт Эўропы» Ціханоўская выказала наступныя тэзы:
- Беларусь — самае слабое зьвяно Пуціна і ключ да спыненьня Расеі.
- Мы павінны вывесьці Беларусь з вайны.
- Беларусь не Расея. Важна адрозьніваць людзей і рэжым.
- Беларусы павінны ўбачыць эўрапейскую пэрспэктыву.
- Трэба быць гатовымі да «акна магчымасьцяў».
Таксама Сьвятлана Ціханоўская вылучыла два нэгатыўныя сцэнары для Беларусі:
- Расея перамагае. І Расея лёгка захоплівае Беларусь;
- Украіна перамагае, а Беларусь становіцца для Пуціна суцяшальным прызам, які кампэнсуе ягоныя страты.
Каб пазьбегнуць падобных сцэнароў, мы павінны вывесьці Беларусь з вайны да яе заканчэньня. Раней — лепш для Ўкраіны і Эўропы, зазначыла Ціханоўская.
«Беларусь адыгрывае ключавую ролю ў спыненьні вайны. Безь Беларусі Пуцін ніколі ня зможа захапіць Кіеў, напасьці на Польшчу», — заявіла Ціханоўская.
«Лёсы Беларусі і Ўкраіны ўзаемазьвязаныя. Мы разумеем, што бяз вольнай Украіны ня будзе свабоднай Беларусі. Але таксама без свабоднай дэмакратычнай Белаурсі будзе сталая пагроза нашым суседзям. Пакуль рэжым Лукашэнкі застаецца ў краіне, ён будзе марыянэткай Расеі, а беларусь будзе такім бальконам, адкуль ідзе пагроза судзедзям. І мы хочам папрасіць даваць Украіне ўсё, што яна просіць».
Ціханоўская таксама выступіла ў дыскусіі «Куды рухаецца свабода слова?» разам з прадстаўнікамі вядучых міжнародных СМІ і арганізацый.
У дыскусіі ўзялі ўдзел выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Тырана Хасан, галоўны рэдактар тэлерадыёкампаніі «DW» Магдалена Каспэр-Клерыдж, выканаўчы дырэктар выданьня The New York Times Джозэф Кан, а таксама Тагі Рахмані, прадстаўнік фонду Наргес Махамадзі, ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру за 2023 год.
Сьвятлана Ціханоўская сярод іншага згадала свайго зьняволенага мужа блогера Сяргея Ціханоўскага, якога пакаралі за журналісцкую працу:
«Свабода слова ў Беларусі на самым нізкім узроўні... Беларусь — краіна з найбольшай колькасьцю зьняволеных журналістаў адносна колькасьці насельніцтва. Цяпер у Беларусі немагчыма чытаць, рэпосьціць і лайкаць паведамленьні незалежных СМІ».
Будучыя выбары ў Нацыянальны сход яна назвала фарсам і імітацыяй, цыркам, які ня мае нічога агульнага з выбарамі.
«І беларусы гэта разумеюць, гэтая кампанія ня можа быць паваротным пунктам у Беларусі».
Чакаецца, што Ціханоўская яшчэ выступіць на сайд-івэнце ў Бэльгійскім доме па тэме: «Факты і выдумкі: Будучыня дэмакратыі». Сярод сьпікераў заяўлены прэм’ер-міністар Бэльгіі Аляксандар Дэ Кро, Прэзыдэнт Эўрапейскай дасьледчай рады Марыя Лепціна, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў фізыцы Браян Шміт, дырэктар Патсдамскага інстытуту дасьледаваньняў узьдзеяньня на клімат Ёхан Рокстрэм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Давосе: «Лукашэнка прадае сувэрэнітэт Беларусі Пуціну, каб захаваць уладу для сябе і сваёй эліты»