Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку праверкі танкавага батальёну адной з мэханізаваных брыгад Заходняга апэратыўнага камандаваньня.
Як паведаміла прэсавая служба ведамства, баявая праверка пачалася згодна з адпаведным распараджэньнем начальніка Генэральнага штабу Узброеных сіл, першага намесьніка міністра абароны Віктара Гулевіча.
«У часе паверкі плянуецца ацаніць падрыхтаванасьць асабовага складу вайсковай часткі да выкананьня задач па прызначэньні і стану зброі, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі для наступнага выкарыстаньня», — адзначаецца ў паведамленьні.
У Мінабароны таксама паведамілі, што перад гэтым у 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе прайшлі заняткі па інжынэрным абсталяваньні пазыцый.
У прыватнасьці, вайскоўцы адпрацавалі прыёмы і спосабы ўсталяваньня супрацьтанкавых і супрацьпяхотных мін, фартыфікацыйнага абсталявання пазыцый, а таксама інжынэрных захадаў тактычнага маскаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускай арміі новы навучальны год сплянавалі з улікам «сучасных узброеных канфліктаў»Гэта першая баявая праверка з пачатку 2024 году.
Пасьля падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 годзе ў Беларусі няспынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, якія, як заяўляюць улады, плянуюць з улікам вайны ва Ўкраіне.
Летась Аляксандар Лукашэнка ініцыяваў ухваленьне закону аб «народным апалчэньні», распрацаваным з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу». У чэрвені ён заявіў, што прыняў рашэньне «на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець народнае апалчэньне». У выпадку ваенных дзеяньняў, атрады апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны».