«Калі прыціснулі, яны плюнулі і закрыліся»
Толькі за апошні год колькасьць аграсядзібаў у Беларусі паменшылася ў 2,5 раза. Калі ў пачатку 2023 году налічвалася 3043 сядзібы (рэальна працавалі 70%), то цяпер іх дзейнічае каля 1200.
Прычына — у зьмене заканадаўства. Уласьнікі аграсядзібаў меліся перарэгістраваць сваю дзейнасьць да 1 ліпеня 2023 году, а значыць, атрымаць дазвол з райвыканкаму. Аднак заяўкі падалі толькі каля паловы ўсіх гаспадароў, а атрымалі станоўчы вынік яшчэ менш.
«Напрыклад, было ў раёне 66 аграсядзібаў, а засталося каля 10. Засталіся найбольш заможныя, вакол Менску, дзе былі моцныя інвэстыцыі. З тых каталёгаў турыстычных паслуг, якія выпускаліся па 600 старонак, цяпер усё зьмесьціцца старонак на 50», — разважае ўласьнік аграсядзібы ў Менскай вобласьці Фёдар* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС).
Кірунак, які дзяржава доўгі час падтрымлівала і які быў асабліва запатрабаваны пры росквіце «бязьвізу», пачаў згортвацца. У 2006 годзе ў Беларусі працавала ўсяго 34 аграсядзібы. Каб разьвіць гэтую сфэру, зь 2010 году сталі выдаваць выгадныя крэдыты пад 5%, праграму працягнулі да 2030 году. Падаткі ўласьнікі аграсядзібаў плацілі мінімальныя — спачатку адну базавую велічыню на год (10-15 даляраў), у апошні час — адну базавую ў месяц. Можна было разьвіваць справу і на эўрапейскія грошы.
«Дагэтуль была моцная палітыка падтрымкі супрацы з Эўразьвязам. Многія глядзелі ў бок грантаў: падтрымка аграсядзібаў, устойлівае разьвіцьцё. Цяпер многія гранты „накрыліся“. Няма арганізацый, якія іх даюць. Многія ж падняліся дзякуючы грантам», — перакананы суразмоўца.
«Адваліліся» летась і фіктыўныя сядзібы, якія рэальна не працавалі. Іх адкрывалі, у тым ліку, каб не лічыцца ў базе «дармаедаў».
«Калі прыціснулі, яны плюнулі і закрыліся. Або хтосьці працаваў трактарыстам, а ўявіў сабе, што можа мець аграсядзібу, ня ведаючы, як працаваць у сфэры аказаньня турыстычных паслуг», — камэнтуе Фёдар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З больш як 3 тысяч аграсядзіб у Беларусі перарэгістрацыю прайшла толькі палова«Паасобку зь імі не дамовісься»
Фёдар расказаў Свабодзе, як праходзіла перарэгістрацыя. У кожным раёне стваралі камісію з розных службаў: падатковая, санстанцыя, архітэктура, электрыкі, пажарныя, прадстаўнікі адміністрацыі.
«Яны езьдзілі, і людзі паказвалі. Калі раней было „рабі, як хочаш і што хочаш“, то цяпер зрабілі моцную стандартызацыю. Зразумела, пасьля такой вольніцы, як была раней, гэтыя новаўвядзеньні па людзях б’юць. Камісія прыяжджае ўся адразу. Паасобку зь імі не дамовісься, асобна з пажарным, асобна з электрыкам. Яны ўсё глядзяць скрупулёзна», — разважае Фёдар.
Сам ён перарэгістрацыі не прайшоў, былі пытаньні да сядзібы. Аднак суразмоўца кажа, што мае права давесьці гаспадарку да ладу і запрасіць камісію паўторна.
«Там ня столькі грошай шмат трэба, колькі валтузьні», — камэнтуе ён.
Не падаваў заяўкі на перарэгістрацыю і ягоны калега з Горадзеншчыны Сямён.
«Я не перарэгістраваўся, бо мне не хацелася папяровай цяганіны», — камэнтуе той.
У аграсядзібаў, наколькі ведае Фёдар, знаходзілі праблемы, зьвязаныя з самазабудовай, з электрыкай у драўляных будынках, былі прэтэнзіі з боку пажарных, санстанцыі.
«Статус аграсядзібы амаль што стаў роўным статусу піянэрскага лягера або дзяржаўнага санаторыя. Адна справа, калі гэта магутны санаторый „Радон“ зь вялікім штатам, які дае рады. А калі чалавек адзін зь сям’ёй, вядома, гэта нашмат цяжэй. Пасьля ковідных часоў, калі людзі не зараблялі, цяжка зрабіць па-новаму праводку», — падсумоўвае гаспадар.
Ён мяркуе, што раней паслабленьні ў гэтай сфэры рабілі, каб разьвіваць унутраны турызм.
«А цяпер банальна трэба грошы», — тлумачыць суразмоўца тое, чаму дзяржава зьмяніла палітыку.
Уласьніца аграсядзібы Тацяна выехала зь Беларусі год таму праз магчымы перасьлед. Сваю аграсядзібу яна закрывала добраахвотна ўжо з-за мяжы, калі зразумела, што ня будзе вяртацца ў Беларусь.
«Закрываецца аграсядзіба вельмі проста. Я даслала ліст з-за мяжы. Раней і адкрывалася вельмі проста. Я прыйшла да нейкай цётачкі, якую ледзьве злавіла, якая бадзялася па суседніх кабінэтах, гарбату піла. Я проста напісала заяву і пайшла», — успамінае яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя правілы для аграэкасядзіб: захоўваньне рыштунку, барацьба з кляшчамі, гукавая апаратура на мерапрыемствахПерайшлі на здачу жытла
Некаторыя аграсядзібы, якія пасьля зьменаў у законе не перарэгістраваліся, перайшлі на здачу жытла ў наём.
«Ты ня маеш права гатаваць, забаўляць людзей, ня маеш права арганізоўваць сплавы, здаваць у пракат байдаркі», — камэнтуе абмежаваньні Фёдар.
«Зараз можна толькі здаваць дом — як кватэру ці пакой. Без паслуг, лазьні. Нельга праводзіць імпрэзы, экскурсіі. Іншы падатак», — дадае яшчэ адзін гаспадар сядзібы Арцём.
Фёдар разважае, што раней можна было арганізоўваць імпрэзы на базе аграсядзібаў і не пытацца дазволу на іх.
«Цяпер, вядома, глядзяць, дзе і што адбываецца. Калі нейкі артыст мае выступіць, то трэба гастрольнае пасьведчаньне. Ня так, што мне сёньня захацелася, а заўтра я атрымаў. Гэта шмат цяганіны», — тлумачыць ён.
Сямён зазначае, што аграсядзібы цяпер больш працуюць як рэстарацыі для карпаратываў, юбілеяў, дзён нараджэньня, адзначаюць 23 лютага і 8 сакавіка. Прыяжджаюць адпачыць расейцы, але ня надта шмат. Ёсьць вялікія аграсядзібы на 200 чалавек, дзе робяць вясельлі.
У некаторых аграсядзібах прыдумляюць цікавінкі, кшталту джакузі ў выглядзе вялізнага кубка з глінтвэйнам, а хтосьці даглядае старых коней, ад якіх адмовіліся былыя гаспадары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя сядзібы пайшлі на карантын». Што адбываецца ў сфэры аграэкатурызмуНавагоднія цэны — па 300-400 даляраў з чалавека
Тыя сядзібы, якія засталіся «на плыву», асабліва паблізу Менску, зарабляюць добра, думае Фёдар. Маюць прыбытак тыя, хто ладзіць масавыя дзіцячыя імпрэзы. Навагоднія цэны на сьвяткаваньне ў вясковым доме складалі па 300-400 даляраў з чалавека.
«У выйгрышы прыватныя базы на аснове выкупленых піянэрскіх лягераў, санаторыяў. Там попыт павялічыўся. Унутраны рынак моцна запатрабаваны, бо выезд за мяжу абмежаваны», — кажа мужчына.
Сямён, наадварот, думае, што гэты бізнэс ня надта прыбытковы.
«Турызм слабаваты. Расейцы шмат грошай не плацяць. Домік на сям’ю каштуе 50-100 даляраў за суткі. На вясельлі можа быць 200 чалавек і кожны плаціць ад $50 даляраў», — камэнтуе Сямён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міністэрстве спорту і турызму Беларусі патлумачылі, чаму ня ўсе аграсядзібы прайшлі перарэгістрацыюПадаткі для некаторых вырасьлі
У гаспадыні аграсядзібы ў Берасьцейскай вобласьці Эміліі простая вясковая хата для гасьцей. Яна кажа, што наведнікаў малавата. Мяркуе, што ў многіх патэнцыйных кліентаў іншыя запыты: хочуць басэйн або больш шыкоўныя ўмовы. Да таго ж яна мала рэклямуе свае паслугі. Хутчэй робіць гэта «для душы».
«Гэта хутчэй хобі, каб паказаць, як раней жылі людзі», — расказвае яна.
Таму і прыбытак нерэгулярны. Утрымліваць сям’ю за дзейнасьць аграсядзібы яна ня можа.
«Калі ў адным месяцы прыехалі, пажылі з тыдзень, ты зарабіў 300 рублёў. Гэта ня значыць, што ў наступным месяцы зноў прыедуць і пажывуць. Могуць проста прыехаць і паглядзець. Бывае, што за месяц на дзень-два хтосьці заедзе. Я чула ад калег, што турыстаў стала менш. Чаму, ня ведаю», — дзеліцца Эмілія.
Падобны досьвед і ў Тацяны — яна мела іншую працу, каб забясьпечваць сябе.
«Узімку мала людзей прыяжджала... Я ня ладзіла „чарка-шкварка“ карпаратываў. Але чула, што такіх вельмі многа. Мабыць, такія аграсядзібы і засталіся, а культурніцкія, хутчэй за ўсё, сваё існаваньне скарацілі», — мяркуе яна.
Калі камісія ўхваліла ўмовы сядзібы, то падаткі застануцца ранейшымі — 1 базавая велічыня ў месяц. Калі абмежавала толькі да здачы пакояў у арэнду, то давядзецца плаціць падатак на прафэсійную дзейнасьць — 10% ад прыбытку.
«Раней заплаціў капейку ў касу раз на месяц — і мазгі не былі занятыя падаткамі. Цяпер прыехалі госьці — трэба іх аформіць, 10% трэба адлічваць. Зрабілі б 2-3 базавыя ў месяц — людзі б плацілі! А цяпер, мне здаецца, іх вымушаюць хітрыць. Калі людзі хітраць, яны сядзяць пад венікам, ня могуць нічога сказаць», — мяркуе Сямён.
Ён думае, зьмены ўвялі, каб запужаць людзей.
«Цяпер у Беларусі паўсюль такое. Усіх хочуць паставіць у рамкі, кантроль. І сядзібы таксама, вольных людзей», — мяркуе суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы расказалі дэталі рэйду АМАП на аграсядзібу «Стулы»: затрымалі 6 чалавек«Прыехалі ўночы і забралі ўсю сям’ю»
Аграсядзібы зазналі і палітычны перасьлед. Тацяна расказала, што ў Віцебскай вобласьці затрымалі ўласьнікаў адной зь іх. Прычына і вынік затрыманьня невядомыя.
«У тую аграсядзібу прыехалі проста ўночы і забралі ўсю сям’ю», — кажа яна.
Летась у чэрвені АМАП уварваўся на спэктакль лялечнага тэатра ў аграсядзібе «Стулы». Усіх паклалі тварам у зямлю, праверылі тэлефоны і затрымалі шэсьць чалавек. Уласьніцу сядзібы Ларысу Быцько арыштавалі на 15 дзён. Пасьля гэтага «хапуну» не працягнулі кантракт супрацоўніцы аграсядзібы Веры Андраюк, якая працавала там 8 гадоў.
Улетку ж арыштоўвалі на 15 дзён гаспадара аграсядзібы «Поўсьвіж» на Лепельшчыне Васіля Шкіндзера.
На аграсядзібу «Літоўка» пад Наваградкам нападала прарасейская актывістка Вольга Бондарава. Яна намагалася закрыць установу, бо ўбачыла ў экспанатах парнаграфію, культ гвалту, а таксама скажэньне Бібліі. На сядзібу прыходзіла праверка. У выніку абмежавалі ўваход дзецям, а ўласьніцы загадалі выправіць парушэньні.
Летась у лютым міліцыя заявіла, што затрымала каля 100 мігрантаў, якія жылі ў аграсядзібе пад Менскам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС заявіла пра затрыманьне амаль сотні мігрантаў у аграсядзібе пад Менскам