Губэрнатар Флорыды 45-гадовы Рон Дэсантыс фінішаваў зь вялікім адрывам на другім месцы, апярэдзіўшы былога пасла ААН, 51-гадовую Нікі Гэйлі, паколькі яны змагаюцца за тое, каб стаць галоўнай альтэрнатывай Трампу.
77-гадовы Трамп перамог зь беспрэцэдэнтным для рэспубліканцаў адрывам на кокусах у Аёве. Пасьля падліку 95% чаканых галасоў Трамп атрымаў 51%, Дэсантыс — 21%, а Гэйлі −19%.
Гэтая перамога дае Трампу магутны старт у барацьбе за вылучэньне ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі ў 2024 годзе.
У ЗША ўвечары 15 студзеня фактычна пачалася кампанія ў выбарах прэзыдэнта ЗША, так званыя кокусы. Працэдура, якая распачалася 15 студзеня, завершыцца нацыянальным галасаваньнем 5 лістапада.
Кокусы і праймэрыз — працэдуры выбраньня кандыдатаў ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый — адбудуцца ў наступныя месяцы ва ўсіх штатах Амэрыкі. Кокусы арганізуюць самі палітычныя партыі. Выбарнікі партыі слухаюць выступленьні прыхільнікаў кандыдатаў, абмяркоўваюць і спрабуюць пераканаць адзін аднаго, а затым галасуюць.
Праймэрыз арганізуюць улады штатаў. Гэта традыцыйнае таемнае галасаваньне, правілы адрозьніваюцца ў залежнасьці ад штату. У закрытых праймэрыз галасаваць за кандыдата партыі дазволена толькі яе сябрам, у адкрытых выбарнікі могуць свабодна выбраць, у галасаваньні якой партыі ўдзельнічаць.
Каб стаць кандыдатам у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, трэба на праймэрыз атрымаць галасы ня менш як 1215 дэлегатаў зьезду, які адбудзецца ў Мілўокі 15 ліпеня. У дэмакратаў для партыйнай намінацыі патрабуецца ня менш як 1973 галасы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пачынаюцца перадвыбарныя сходы. Першы праймэрыз у рэспубліканцаў у Аёве ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лаве Клінтана» ў Курапатах — 30 гадоў. Гісторыя пра ўшанаваньне ахвяр сталінізму і вандалізм. ФОТА, ВІДЭА