Беларусь пакідае Tinder, самая вядомая праграма для онлайн-знаёмстваў

Tinder

Праграма перастане працаваць у краіне пасьля Дня ўсіх закаханых.

Амэрыканская кампанія Match Group, якая валодае праграмай Tinder, вырашыла спыніць працу мабільнай праграмы ў Беларусі. Апошнім днём працы стане 15 лютага. Пра гэта паведаміў сайт тэхнічнай падтрымкі праграмы для знаёмстваў.

Раней Tinder спыніў сваю працу ў Расеі. Match Group патлумачыла сваё рашэньне «прыхільнасьцю абароне правоў чалавека». Гэта зьвязана з пачатай Расеяй паўнамаштабнай вайной супраць Украіны.

У Tinder знаёмяцца людзі рознага веку, яны шукаюць сабе пару для сумеснага адпачынку ці рамантычных стасункаў паводле зацікаўленасьцяў, а таксама ацэньваючы фатаздымкі адно аднаго.

У Беларусі праграму выкарыстоўвалі і сілавікі, каб пад выглядам знаёмства выяўляць людзей, якія хадзілі на пратэсты супраць Лукашэнкі. Вядома пра некалькі выпадкаў прысудаў, калі справа пачалася менавіта са зьвестак і ліставаньня ў Tinder.

Праз сыход Match Group зь беларускага рынку спыняць сваю працу яшчэ дзьве аплікацыі для знаёмстваў у сеціве — Hinge і OkCupid. Для жыхароў Беларусі спыняцца абнаўленьні праграмы, а таксама ўсё іншае абслугоўваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мянчанку затрымалі «за пратэсты» праз фота ў Tinder. Такое сталася ўпершыню
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь пакідае чарговая ІТ-кампанія — мабільны распрацоўнік Apalon