Беларусь пакідае чарговая ІТ-кампанія — мабільны распрацоўнік Apalon

Лягатып Apalon

Летась у кампаніі былі скарачэньні. Сёлета на працягу лютага-сакавіка кампанія звольніць усю беларускую каманду, а гэта звыш 100 чалавек. Офіс у Менску закрыюць.

Скарачэньні адбываюцца ў сувязі з продажам прадуктаў Mosaic Group — мацярынскай кампаніі Apalon. Яе інтэлектуальная ўласнасьць стала прадметам угоды, а каманда — не, піша dev.by.

Як стала вядома Bloomberg, амэрыканская карпарацыя IAC прадае італьянскай Bending Spoons інтэлектуальную ўласнасьць, праграмы і інструмэнты, створаныя камандай Mosaic Group. Пасьля завяршэньня ўгоды 330 супрацоўнікаў Mosaic Group застануцца бяз працы.

Mosaic месьціцца ў Нью-Ёрку. Яе стварылі пасьля паглынаньня карпарацыяй IAC беларускага мабільнага распрацоўніка Apalon у 2014 годзе. У яе партфоліё таксама ўваходзяць сэрвіс для рэдагаваньня дакумэнтаў PDF Hero і блякавальнік спам-званкоў RoboKiller.

Apalon — вядучая інтэрнэт-кампанія, асноўнымі прыярытэтамі якой зьяўляецца распрацоўка праграмных прадуктаў у галіне пошуку інфармацыі, электроннай камэрцыі, онлайн-навучаньня, сацыяльных сетак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-15 праектаў айцішнікаў-беларусаў, у якіх усё атрымалася ў 2023 годзе

Што будзе зь менскім офісам

Аб звальненьнях супрацоўнікам Apalon паведамілі 10 студзеня на агульным сходзе, а таксама ў агульнай рассылцы.

«У Mosaic купілі толькі прадукты, усе 330 чалавек ва ўсіх лякацыях, у тым ліку ў Менску, з канца лютага – пачатку сакавіка застаюцца бяз працы. Менскі офіс, як і ўсе астатнія, закрываюцца. Цяпер асобна з кожным супрацоўнікам праводзяць сустрэчы ў фармаце сам-насам, дзе аб.мяркоўваюць апошні дзень працы, выплаты і г.д», — сказаў адзін з супрацоўнікаў.

Па словах іншага супрацоўніка, у большасьці адмыслоўцаў Apalon апошні працоўны дзень 16 лютага.

Супрацоўнікі Mosaic, якія страцілі працу, атрымаюць дапамогу мінімум за 4 месяцы і бонус за 2023 год. Адзін з супрацоўнікаў Apalon пацьвердзіў, што ўсім звольненым «выплацяць некалькі заробкаў, а таксама пакінуць працоўныя ноўтбукі».

Хто будзе займацца падтрымкай прадуктаў Apalon, невядома.

У Apalon працуе каля 150 чалавек, зь іх больш за 100 — у менскім офісе. Кампанія таксама мае офіс у Літве, дзе працуе каля 20-30 чалавек. Частка каманды працуе ў Польшчы.

Раней стала вядома аб закрыцьці менскага офісу яшчэ аднаго мабільнага распрацоўніка, Playtika. Па словах крыніц, чакаецца, што кампанія скароціць 50% усёй менскай каманды, а гэта каля 150 чалавек. Спэцыялістам, якія ня трапілі пад скарачэньне, прапануюць тры варыянты: дыстанцыйная праца (праз Грузію), рэлякацыя (праўдападобна, праз Польшчу) або B2B.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІТ-кампанія з сусьветным імем сыходзіць зь Беларусі

Хто з мабільных распрацоўнікаў пакінуў Беларусь раней

Playgendary

Міжнародны распрацоўнік і выдавец мабільных гульняў са штаб-кватэрай на Кіпры. На сёньня агульная колькасьць загрузак гульняў перавышае 3 мільярды. Штомесячная аўдыторыя — 250+ мільёнаў актыўных карыстальнікаў. У камандзе 300 чалавек. У Беларусі восеньню 2021 году працавала каля 120 чалавек, пасьля 24 лютага 2022 штат скараціўся ўтрая літаральна за некалькі месяцаў.

Verv

Кампанія стварае мабільныя праграмы ў катэгорыі Health and Fitness. У менскім офісе Verv працавалі каля 100 чалавек. Цяпер большасьць супрацоўнікаў у Польшчы.

Akveo

Займаецца распрацоўкай уласных праграмных прадуктаў для сеціва і мабільных рашэньняў (ngx-admin, Kitten Tricks і іншыя). Прадукты прымяняюцца ў аўтамабільнай, турыстычнай, банкаўскай, мэдыцынскай, тэлекамунікацыйнай і адукацыйнай галінах.

TangoMe

Амэрыканская кампанія, разьвівае аплікацыю для онлайн-трансьляцый Tango Live. Гэта адна зь вядучых плятформаў для онлайн-трансьляцый па ўсім сьвеце. Гадавое абарачэньне ацэньваецца ў 400 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Лібер: у якой стадыі новыя пашпарты, ці застаецца Беларусь ІТ-дзяржавай і калі пачнуцца перамены