Заклікі гучаць каля Баймацкага раённага суду, дзе разглядаецца справа актывіста Фаіля Алсынава. Сюды прыйшлі тысячы людзей. У будынку Баймацкага раённага суду праходзяць закрытыя пасяджэньні па справе актывіста Фаіля Алсынава, паведамляе Башкірская служба Радыё Свабода.
Па падліках выданьня «Куштау Байрам», пад суд 15 студзеня прыйшлі каля пяці тысяч чалавек. На відэа бачна, што людзі займаюць усю прастору перад судом. Актывіст, які выступіў на стыхійным мітынгу, паведаміў, што каля суду сабраліся 15 тысяч чалавек, паведамляе «Агенцтва». Выданьне ня можа незалежна пацьвердзіць гэтую лічбу.
Прысутныя скандавалі: «Свабоду Фаілю Алсынаву!», «Фаіль, мы з табой!», «Мы — просты народ!», «Нас будзе больш!». Удзельнікі стыхійнай акцыі таксама запісалі зварот да прэзыдэнта Расеі Пуціна, у якім запатрабавалі адстаўкі кіраўніка Рэспублікі Башкартастан Радыя Хабірава.
- Алсынава абвінавачваюць ва ўзбуджэньні нянавісьці ці варожасьці. Па вэрсіі сьледзтва, ён нібыта «выступіў з прамовай на башкірскай мове, якая зьмяшчае выказваньні, у якіх нэгатыўна ацэньваюцца групы асоб».
- Крымінальную справу супраць актывіста завялі на просьбу кіраўніка Башкартастану Радыя Хабірава. Кіраўнік рэгіёну запатрабаваў прыцягнуць Алсынава да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці па абвінавачаньні ў «распальваньні міжнацыянальнай варожасьці», у «закліках да антыдзяржаўных выступленьняў» і «да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці», а таксама за «дыскрэдытацыю Ўзброеных сіл Расеі».
- Алсынаў раней узначальваў арганізацыю «Башкорт», якую ў 2020 годзе прызналі экстрэмісцкай і забаранілі яе дзейнасьць у Расеі.
- Максымальнае пакараньне па інкрымінаваным Алсынаву артыкуле — пяць гадоў пазбаўленьня волі.