Палітыкі, якія прэтэндуюць на вылучэньне ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, заклікалі сваіх прыхільнікаў у Аёве прагаласаваць на праймэрыз 15 студзеня, нягледзячы на небясьпечныя маразы, якія ўсталяваліся на тэрыторыі штату, піша «Голас Амэрыкі».
Умовы надворʼя могуць перашкодзіць выбарнікам узяць удзел у галасаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2024 годзе адбудуцца выбары ў многіх краінах сьвету. Якія зь іх паўплываюць на Беларусь? Тлумачыць экспэрткаУ праймэрыз удзельнічае экс-прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
Яго галоўныя супернікі, былы пасол ЗША ў ААН Нікі Хэйлі і губэрнатар Флорыды Рон Дэсантыс, разьлічваюць на добрыя вынікі ў Аёве, але моцны мароз можа нэгатыўна адбіцца на яўцы выбарнікаў.
«Вынік выбараў у гэтым штаце стане сыгналам для ўсёй краіны і, па сутнасьці, для ўсяго сьвету», — сказаў Трамп у відэароліку, які трансляваўся на адным зь мітынгаў яго прыхільнікаў у горадзе Індыянола.
Мяркуючы па дадзеных апытаньня Des Moines Register / NBC News, Трампа падтрымліваюць 48% жыхароў штату, у той час як Дэсантыс спусьціўся на трэцяе месца з 16% падтрымкі, а Хэйлі паднялася на другое месца з 20%.
Нягледзячы на холад, больш за 500 прыхільнікаў Трампа сабраліся на крытай пляцоўцы для мітынгу ў Індыяноле.
Хэйлі апублікавала відэа, на якім яна выступае на вуліцы побач з гурбай, заклікаючы выбарнікаў на ўчасткі.
Дэсантыс таксама заклікаў сваіх прыхільнікаў не баяцца холаду, заявіўшы, што іх галасы будуць мець большую вагу, калі надворʼе прывядзе да значнага зьніжэньня яўкі.
Звычайна кандыдат ад Рэспубліканскай партыі вызначаецца пазьней, пасьля таго як праймэрыз пройдуць у большай колькасьці штатаў. Але Трамп настолькі апярэджвае сваіх супернікаў, што ў выпадку яго перамогі ў Аёве і Нью-Гэмпшыры цяжка ўявіць сабе, што можа перашкодзіць яму атрымаць намінацыю.
Рыхтуюцца да першых праймэрыз і ў Дэмакратычнай партыі, прасдтаўнік якой Джо Байдэн зьяўляецца дзейным прэзыдэнтам ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн выступіў з прамовай аб дэмакратыі і патрыятызьме ў ЗША ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд ЗША вырашыць, ці зможа Трамп удзельнічаць у выбарах