Некаторыя дэпутаты літоўскага Сейму нядаўна атрымалі электронны ліст, у якім выказваецца незадаволенасьць палітыкай Літвы ў адносінах да беларусаў, якія жывуць у краіне, паведамляе Delfi. У лісьце прысутнічаюць пагрозы.
Ліст напісаны на літоўскай мове, але па колькасьці памылак здаецца, што тэкст быў перакладзены зь іншай мовы з выкарыстаньнем кампутарнай праграмы, піша Delfi. «Паважаныя члены Сейму! Да вас зьвяртаюцца беларусы, якія не жывуць у сябе на радзіме, не падтрымліваюць дзейную ўладу Беларусі, не падтрымліваюць Ціханаўскую і яе прыхільнікаў. Мы заўсёды з павагай ставіліся да нашых суседзяў (украінцаў, палякаў, літоўцаў і латышоў). Цяпер палітыка ў дачыненьні да беларусаў, якія жывуць у Літве, непрымальная. Вы, напэўна, забылі гісторыю, таму нагадваем, што ў XIX стагодзьдзі ў 56% жыхароў Віленскага краю роднай мовай была беларуская, а ў 17% — літоўская мова».
У лісьце гаворыцца, што «ў 1918 годзе, калі была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, у яе была ўключана і Вільня». Аўтары ліста пішуць: «Хочам вас папярэдзіць, што нас шмат і ў нас ужо ёсьць баявыя навыкі. Калі ваш урад працягне праводзіць агрэсіўную палітыку ў адносінах да беларусаў, абяцаем, вы пра гэта пашкадуеце. У Літве і за яе межамі ёсьць нашы баявыя браты, якія могуць дапамагчы вярнуць Вільню Беларусі».
Дэпутатка Агне Шырынскене, якая атрымала ліст на сваю электронную скрыню, кажа, што гэта ня першы ліст такога кшталту. «Можа, ужо трэці. Гэтыя лісты ўжо сталі практыкай», — падкрэсьліла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сейме Літвы не хапае галасоў, каб узмацніць абмежаваньні для беларусаў, — дэпутат КашчунасУ верасьні мінулага года Delfi паведамляў, што некаторыя дэпутаты Сейму атрымалі на свае электронныя скрыні лісты з пагрозамі, напісаныя нібыта ад імя беларускага батальёну «Тэрор», які ваюе на баку Ўкраіны. Прадстаўнікі батальёну адпрэчылі датычнасьць да таго допісу.
«Нам стала вядома, што вы прынялі рашэньне не даваць палітычнага прытулку нашаму лідэру і беларускай праваабаронцы Вользе Карач», — гаварылася ў лісьце на расейскай мове. Аўтары ліста заявілі, што, калі ў дачыненьні да Карач іншае рашэньне не будзе прынята, яны зьвернуцца да «радыкальных мер», накіраваных супраць парлямэнтарыяў і іх сем’яў. Тады старшыня камітэту Сейму па нацыянальнай бясьпецы і абароне Лаўрынас Кашчунас паведаміў Delfi, што перадаў ліст службам бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве штогод разглядаюць каля 18 тысяч заявак на ДНЖ, 20–30% зь іх ад беларусаў, — Дэпартамэнт міграцыі краіны