Паводле зьвестак Аўтастату, МАЗ у мінулым годзе прадаў у Расеі 6,3 тыс. грузавікоў. Што амаль на 44% больш, чым годам раней. Статыстыка выглядае сымпатычна. Але толькі калі не ўдавацца ў дэталі, заўважае газэта «Белорусы и рынок».
Нягледзячы на ўражальныя адсоткі росту, продажы беларускіх грузавікоў у Расеі расьлі значна павольней, чым тамтэйшы рынак. Агулам за мінулы год у Расеі было прададзена 143,7 тыс. новых грузавікоў. І гэта адразу на 70% больш, чым год таму. І на фоне гэтай лічбы 40-адсоткавы рост продажаў МАЗаў ужо не выглядае такім самавітым.
Доля грузавікоў МАЗ на расейскім рынку ў 2023-м зьнізілася да 4,4% з 5,2%. Беларускія грузавікі ў Расеі адціскаюць канкурэнты. Другое месца на расейскім рынку пасьля КАМАЗ, заняў кітайскі Sitrac, які павялічыў продажы сваіх грузавікоў у 6,4 разы. На трэцім месцы таксама кітайская кампанія SHACMAN з ростам продажаў больш як у два разы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колішні дылер МТЗ ва Ўкраіне прадаў беларускія трактары ў Грузію, а цяпер ня можа атрымаць за іх грошыАднак найбольш уражальны рост паказаў кітайскі Foton, ён павялічыў продажы сваіх машын у 43 разы. Калі ў 2022 годзе гэтая кампанія прадала ў Расеі толькі 145 машын, то ў 2023 годзе яна амаль дагнала МАЗ, прадаўшы 6,27 тыс. аўтамабіляў.
Продажы беларускіх грузавікоў на расейскім рынку рэзка расьлі ў першай палове 2023 году, заўважае газэта. Чым бліжэй да канца году, тым менш МАЗу атрымлівалася прадаць у Расеі.
Ужо ў сьнежні продажы грузавікоў МАЗ у Расеі скараціліся на 5,5%. Пры гэтым рынак грузавікоў за адзін сьнежань вырас у Расеі амаль на 20%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд адмовіўся здымаць санкцыі з «МАЗу» і «БелАЗу»Важная дэталь — у прычынах, чаму рынак расейскіх грузавікоў паказаў такі бурны рост. Відавочна, гэта адбылося з-за ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. Бо для вайны патрэбны ня толькі танкі і самалёты. Патрэбны яшчэ грузавікі, каб перавозіць вайсковыя грузы. Адпаведна, большая частка прыросту прыйшлася, верагодна, на дзяржаўны абаронны заказ.
«Кітайцы адціскаюць прастору ў беларускіх вытворцаў нават там, дзе палітычныя меркаваньні, асабістыя сувязі і ўменьне дамовіцца заўсёды пераважалі над рынкавымі меркаваньнямі», — робіць выснову выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пецярбургу адказалі на словы Лукашэнкі аб дрэнным абслугоўваньні аўтобусаў МАЗ, якія гарацьНовы віток на гэтым рынку могуць справакаваць ваенныя дзеяньні ў Емэне, з-за якіх кошт перавозак у Чырвоным моры ўжо шматкроць вырас. Калі вайна там зацягнецца, гэта моцна таксама моцна падарве пэрспэктывы беларускага экспарту ў краіны «далёкай дугі», піша газэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Посьпехі там, дзе не было Лукашэнкі. Як Беларусь гандлюе з Афрыкай