Згодна са справаздачай таварыства «Дапамога Касьцёлу ў патрэбе», у Беларусі летась арыштавалі 10 ксяндзоў.
Пасьля гэтага Беларусь на 2-м месцы ў сьвеце. У Нікарагуа пад вартай знаходзіліся 46 каталіцкіх сьвятароў, пры гэтым біскуп Ралянда Альварэс асуджаны да 26 гадоў турмы.
Ва Ўкраіне двое грэка-каталіцкіх сьвятароў — Іван Лявіцкі і Багдан Гелета — дагэтуль ня выйшлі на волю. Яшчэ ў 2022 годзе іх арыштавалі расейскія акупанты.
Вялікую занепакоенасьць ініцыятывы выклікае сытуацыя ў Індыі, дзе ўлады перашкаджаюць дзейнасьці каталіцкіх сьвятароў і манахаў. За мінулы год арыштаў і затрыманьняў зазналі 6 чалавек, затым усіх выпусьцілі, але застаюцца асьцярогі наконт іх новага затрыманьня.
Колькасьць выкрадзеных сьвятароў і манашак за мінулы год упала з 54 да 33. Больш за ўсё выпадкаў выкраданьня ў Нігерыі — 28, імаверна, гэта зьвязана з актыўнай дзейнасьцю ісламісцкіх груповак у краіне, некаторыя часткі якой дзяржаўныя ўлады кантралююць слаба або не кантралююць зусім. Аднаго манаха летась ісламісты забілі. Таксама выкраданьні былі ў Малі, Буркіна-Фасо і Этыёпіі.
Летась у сьвеце забілі 14 хрысьціянскіх прадстаўнікоў, у тым ліку 11 сьвятароў, 1 біскупа, 1 манаха і 1 сэмінарыста. Больш за ўсё — у Нігерыі, дзе жыцьцё страцілі 3 чалавекі. Пры крымінальных нападах адбыліся забойствы сьвятароў у Танзаніі і Бэльгіі. Пры невядомых або падазроных абставінах гінулі сьвятары ў ЗША, Калюмбіі, Мэксыцы, Камэруне і Буркіна-Фасо. Але агульная колькасьць такіх выпадкаў у 2022-м была большай — 18 забойстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэньне аб ліквідацыі пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё»Перасьлед у Беларусі
На канец 2023 году ў зьняволеньні заставаліся трое з арыштаваных беларускіх ксяндзоў. Сярод іх — айцец Генрых Акалатовіч, якога арыштавалі ў сярэдзіне лістапада і абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве». Ксёндз Акалатовіч — пробашч касьцёлу сьв. Язэпа ў Валожыне.
Для Акалатовіча турэмная адміністрацыя адмаўлялася прымаць цёплыя рэчы, што можа сьведчыць пра катаваньні холадам.
Таксама ў лістападзе стала вядома, што затрыманы ксёндз Вячаслаў Пялінак, які быў першым асабістым сакратаром апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Кляўдыё Гуджэроцьці. На момант затрыманьня Пялінак ужо служыў у парафіі ў Берасьці.
Перасьлед каталіцкіх герархаў і вернікаў не перашкодзіў Аляксандру Лукашэнку віншаваць Папу Францішка з хрысьціянскімі сьвятамі.
Пасьля 2020 году ў Беларусі завялі прынамсі яшчэ адну крымінальную справу на каталіцкага сьвятара — ксяндза Дзьмітрыя Прыступу нібыта за «гвалт над міліцыянтам», але ён пасьпеў выехаць зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятару Акалатовічу з Валожына выставілі абвінавачаньне і пакінулі за кратаміРэпрэсіі супраць рэлігійных дзеячоў, арганізацый і месцаў у Беларусі
- Вядома пра некалькі дзясяткаў сьвятароў і пастараў сярод каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў, якіх затрымлівалі пасьля пратэстаў 2020 году. Толькі за 2022 год іх было ня менш за 24. На некалькі чалавек завялі крымінальныя справы.
- Як расказаў Свабодзе айцец Георгі Рой, шмат хто з праваслаўных сьвятароў прайшоў праз прафіляктычныя гутаркі перад кіраўніцтвам БПЦ (япіскапам або сакратаром япіскапа) або перад чыноўнікамі ў справах рэлігіі. Выклікаюць тых, хто крытыкаваў улады Беларусі, пісаў сваю думку ў інтэрнэце, выказваўся ў падтрымку Ўкраіны ў вайне.
- Празь перасьлед зь Беларусі ў Польшчу выехалі вядомы каталіцкі сьвятар і блогер ксёндз Вячаслаў Барок з Расонаў, ксёндз Дзьмітры Прыступа зь Ляхавічаў, ксёндз Андрэй Вашчук зь Віцебску, які правёў месяц на «сутках» у 2022 годзе.
- Увосень 2022 году закрылі для любых наведваньняў Чырвоны касьцёл у Менску, ня толькі адзін з галоўных цэнтраў каталіцкага жыцьця, але і візытоўку гораду для турыстаў. Прычынай улады назвалі начны пажар у будынку. Нядаўна ў Менгарвыканкаме сказалі, што працы ў будынку пачнуцца толькі ў першым квартале 2024 году, і «пасьля іх завяршэньня будзе прынятае рашэньне аб аднаўленьні дзейнасьці касьцёла».
- Сёлета 20 чэрвеня экскаватарамі разбурылі будынак пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» ў Менску. Менскі суд ліквідаваў рэлігійную грамаду хрысьціянаў поўнага эвангельля «Новае жыцьцё», а інфармацыйную прадукцыю царквы прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
- Улады закрылі школу ў каталіцкім Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску.
- Улады Беларусі зьнішчалі крыжы ў менскіх Курапатах, месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў у 1930-х гадах. Дагэтуль рэгулярна хтосьці псуе там крыжы, а вінаватых не знаходзяць. Акты вандалізму рабіліся і ў дачыненьні да крыжоў і стэндаў у «віцебскіх Курапатах», у вёсцы Хайсы. Сілавікі таксама не знайшлі вінаватых.