З пачатку 2024 года ў Беларусі адбылося 278 пажараў, на якіх загінула 47 чалавек, паведаміў 13 студзеня намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня нагляду і прафіляктыкі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Васіль Сіўчак.
«У бягучым годзе ў Рэспубліцы Беларусь ускладнілася апэратыўная абстаноўка з гібельлю людзей ад пажараў, — канстатаваў ён у відэакамэнтары, апублікаваным прэс-службай ведамства. — Умовы гібелі застаюцца тыя ж — асабістая бестурботнасьць грамадзян і іх лад жыцьця».
Па словах чыноўніка, каб зьвярнуць увагу грамадзян на пытаньні пажарнай бясьпекі, 13-14 студзеня МНС «праводзіць шырокамаштабнае мерапрыемства».
«У рамках гэтага мерапрыемства плянуецца наведваньне ў домаўладаньнях грамадзян, тлумачэньне патрабаваньняў пажарнай бясьпекі пры эксплуатацыі пячнога ацяпленьня, недапушчальнасьці курэньня ў стане алькагольнага апʼяненьня, недапушчальнасьці пакіданьня дзяцей у небясьпецы, — сказаў Сіўчак. — Таксама праверым аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. У гэтай працы задзейнічана большасьць асабовага складу органаў падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях, а таксама прыцягваюцца іншыя субʼекты прафіляктыкі — органы ўнутраных спраў, сацыяльнай абароны, Добраахвотнага пажарнага таварыства».
Паводле інфармацыі МНС, на працягу двух дзён мерапрыемствы прафіляктычнай кампаніі пройдуць «у кожным рэгіёне краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску ў пажары загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку дзіця ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Санкт-Пецярбурзе згарэў вялікі склад Wildberries