Раберта Мэтсола выказала падтрымку беларусам, якія працягваюць змагацца за свабоду, паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.
Сьвятлана Ціханоўская заклікала Мэтсолу падтрымаць ідэю стварэньня міжнароднага фонду падтрымкі сем’ям палітвязьняў і рэабілітацыі тых, хто выйшаў з турмаў. Таксама Ціханоўская прапанавала ёй узяць сымбалічнае шэфства над адным з беларускіх палітвязьняў і заклікаць іншых дэпутатаў далучацца да гэтай кампаніі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі шляхі па вызваленьні палітвязьняў, і Ціханоўская перадала кіраўніцы Эўрапарлямэнту прапанову прыняць асобны санкцыйны пакет супраць асоб, датычных да рэпрэсіяў, а таксама супраць прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць прымусовую працу вязьняў, бо некаторыя з гэтых прадпрыемстваў прадаюць сваю прадукцыю ў краіны Эўразьвязу.
Таксама Ціханоўская прапанавала правесьці у Эўрапейскім парлямэнце дыскусію па шляхах прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці з удзелам Абʼяднанага пераходнага кабінэта, НАУ, міжнародных экспэртаў і палітыкаў.
Раберта Мэтсола запрасіла Сьвятлану Ціханоўскую ўзяць удзел у Саміце Эўрапейскай народнай партыі, які пройдзе ў сакавіку ў Бухарэсце, каб зрабіць Беларусь адной з тэмаў падчас выбарчай кампаніі ў Эўрапарлямэнт.
У другой частцы сустрэчы адбылася размова з роднымі палітвязьняў і былымі палітзьняволенымі, якія адбылі свой тэрмін, у тым ліку Андрэем Шарэндам, Аленай Лысковіч, Анатолем Хіневічам. Удзельнікі падзяліліся сваімі гісторыямі, заклікалі прэзыдэнтку Эўрапарлямэнта зьвярнуць увагу на сытуацыю з палітвязьнямі, іх семʼямі, прыкласьці намаганьні па вызваленьні палітычных зьняволеных.
Перад гэтым Ціханоўская і Мэтсола сустракаліся 13 верасьня 2023 года ў Страсбуры падчас сэсіі Эўрапарлямэнту.
Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна» на 13 студзеня, палітвязьнямі ў Беларусі прызнана 1.414 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт патрабуе вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі і заклікае дакумэнтаваць злачынствы рэжыму Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Барацьба беларусаў увасабляе каштоўнасьці Эўрапейскага зьвязу». Прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту і Ціханоўская апублікавалі сумесны артыкул ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрадэпутат Олекас пра Міжпартыйны форум у Брусэлі: «Нам відавочна, што будучыня Беларусі ў эўрапейскай дэмакратычнай сям’і» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Міжпартыйным форуме «8+100» у Брусэлі абмеркавалі стратэгію эўрапейскага выбару Беларусі. ВІДЭА