Інструкцыю прыняло Міністэрства абароны, яе апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Паводле вызначанага парадку, абласныя выканаўчыя камітэты і Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт «у адпаведнасьці з плянаванай колькасьцю народнага апалчэньня» інфармуюць Мінабароны аб неабходнай колькасьці зброі і боепрыпасаў «для забесьпячэньня атрадаў народнага апалчэньня».
На падставе гэтых зьвестак у Мінабароны выпісваюцца мабілізацыйныя нарады на зброю і боепрыпасы, непасрэдна вызначаныя для народнага апалчэньня, якія высылаюцца ў вайсковыя камісарыяты.
Атрыманьне зброі і боепрыпасаў для атрадаў народнага апалчэньня з арсэналаў, баз, складаў Узброеных Сілаў зьдзяйсьняецца сіламі штабоў зон тэрытарыяльнай абароны. Для гэтага будуць прызначаныя ўпаўнаважаныя пасадоўцы.
Атрыманьне і дастаўка зброі і боепрыпасаў адбываюцца паэтапна ў залежнасьці ад тэрмінаў фармаваньня народнага апалчэньня.
«Зброя і боепрыпасы дастаўляюцца ў пункт дыслякацыі атрада народнага апалчэньня ў суправаджэньні ўзброенага прадстаўніка аддзела ўнутраных спраў», — паведамляе інструкцыя Мінабароны.
Савет Міністраў Беларусі раней зацьвердзіў парадак фармаваньня атрадаў народнага апалчэньня, што прадугледжана адпаведным законам, які ўхваліў Нацыянальны сход у ліпені 2023.
Як адзначаецца ва ўрадавай пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, сьпісы будуць фармаваць у мясцовых выканкамах, а абласныя будуць іх зацьвярджаць і накіроўваць у Міністэрства абароны Беларусі запыты аб колькасьці неабходнай для апалчэньня зброі.
Адзначаецца, што атрады будуць фармавацца на добраахвотніцкай аснове, кожны зь іх — у колькасьці ад 20 да 100 апалчэнцаў.
Пры прызначэньні камандзіраў і іхных намесьнікаў будуць пільна вывучаць зьвесткі аб правапарушэньнях кандыдатаў, а таксама аб учыненых «дзеяньнях, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
Пасьля залічэньня ў атрад народнага апалчэньня кожны добраахвотнік атрымае пасьведчаньне, зброю і боепрыпасы да яе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі аб’явіла аб пачатку яшчэ адных комплексных вучэньняў, гэтым разам з апалчэньнемШто папярэднічала
15 чэрвеня 2023 году ў другім чытаньні праект закону «Аб народным апалчэньні» прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. 30 чэрвеня яго ўхваліў Савет Рэспублікі, 17 ліпеня — папісаў Аляксандар Лукашэнка.
Тэкст праекту закону апублікавалі ў траўні. У адпаведнасьці зь ім «апалчэнцаў» надзялілі правам прымяняць фізычную сілу і зброю. Асноўная задача апалчэньня заключаецца ў аказаньні садзейнічаньня тэрытарыяльным органам унутраных спраў пры забесьпячэньні ваеннага становішча, абароне ўласнасьці «ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў».
У дакумэнце вызначаныя «парадак кіраваньня народным апалчэньнем, фармаваньня, камплектаваньня і дысьлякацыі атрадаў народнага апалчэньня, выкананьня імі задач», а таксама «паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і службовых асоб у сфэры дзейнасьці народнага апалчэньня».
Згодна з законам, парадак фармаваньня і расфармаваньня народнага апалчэньня, яго камплектаваньня, вядзеньня ўліку добраахвотнікаў вызначае ўрад.
3 чэрвеня 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» прыняў рашэньне «на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэньне, групу людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У разьліку на «глыбінны народ». Навошта Лукашэнку народнае апалчэньне