Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ заявіў пра стварэньне місіі для вывучэньня вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь
Амбасадар ЗША пры АБСЭ Майкл Карпэнтэр выказаў у інтэрвію Reform.by расчараваньне тым, што беларускі бок адмовіўся запрашаць назіральную місію АБСЭ на «адзіны дзень галасаваньня 25 лютага».
«Гэта ставіць пытаньне пра тое, чаго беларускія ўлады спрабуюць дабіцца, праводзячы гэтыя выбары. Але хачу нагадаць, што допуск назіральнай місіі — гэта абавязацельства, узятае на сябе ўсімі краінамі — чальцамі АБСЭ, як і правядзеньне настолькі свабодных і справядлівых выбараў, наколькі гэта магчыма. На жаль, гэтыя абавязальніцтвы ў чарговы раз не былі выкананыя рэжымам Лукашэнкі».
На пытаньне пра магчымы прыезд у Беларусь іншай місіі АБСЭ дзеля высьвятленьня лёсу дзяцей, вывезеных з Украіны, Майкл Карпэнтэр адказаў:
«Гэтая сытуацыя ўпіраецца ў допуск такой місіі на тэрыторыю Беларусі. Як мы бачым па сытуацыі з нядопускам у Беларусь назіральнай місіі за выбарамі, вельмі малаверагодна, што такі дазвол будзе выдадзены. Мы рашуча настроены на тое, каб праліць сьвятло на сытуацыю дзяцей, незаконна разлучаных з бацькамі ці апекунамі і вывезеных у Расею ці Беларусь. Тое, што адбываецца з гэтымі дзецьмі, тое, што ім прамываюць мазгі з мэтай пераканаць іх у тым, што яны расейцы,— гэта шакуе. На жаль, беларускія ўлады ў гэтым бяруць удзел.
Як вы ведаеце, Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Марыі Львовай-Бяловай і самога Пуціна менавіта па падазрэньні ў злачынствах, учыненых супраць дзяцей. Ёсьць і іншыя міжнародныя органы, якія расьсьледуюць і будуць перасьледваць вінаватых у гэтых злачынствах. Што да АБСЭ, мы двойчы прымянілі Маскоўскі мэханізм, каб атрымаць доступ у Беларусь і зафіксаваць парушэньні правоў чалавека, але, нягледзячы на гэта, АБСЭ не быў дадзены доступ на тэрыторыю Беларусі. Тым не менш экспэртная ацэначная група была створаная, і яна прыступіла да працы і збору фактаў з іншых крыніц: апытаньня сьведкаў, збору доказаў ад людзей, якія пакінулі Беларусь. Дзякуючы гэтаму быў сабраны ўражаючы набор доказаў рэпрэсіяў і парушэньняў правоў чалавека».
Адносна пазыцыі ЗША адносна падзей Беларусі амбасадар адказаў:
«Наша пазыцыя простая і нязьменная. Мы падтрымліваем сувэрэнную незалежную і дэмакратычную Беларусь. Мы працягнем гэта рабіць. Мы працягнем падтрымліваць беларускіх грамадзян і грамадзянскую супольнасьць і дэмакратычныя перамены ўнутры краіны з вяршэнствам права і прыярытэтам правоў чалавека. Беларускае грамадзтва абсалютна не прымае гэтую вайну і недатычна да прадастаўленьня тэрыторыі краіны для нападаў на Ўкраіну. Гэта адказнасьць беларускіх уладаў і рэжыму Лукашэнкі. І гэта абсалютна недаравальна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талай прывёз у ведамасны санаторый Беларускай чыгункі пад Магілёвам яшчэ 35 украінскіх дзяцей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны заявіў пра распрацоўку мэханізмаў прыцягненьня Пуціна і Лукашэнкі да адказнасьці за незаконны вываз дзяцей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі прыпынілі