Financial Times: Эўракамісія гатовая на саступкі Вугоршчыне дзеля грошай для Ўкраіны

Прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.

Эўрапейская камісія гатовая пайсьці на саступкі Вугоршчыне, каб забясьпечыць выдзяленьне Ўкраіне 50 мільярдаў эўра са сродкаў ЭЗ.

Пра гэта паведамляе газэта Financial Times са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў, не названых па імёнах.

На саміце Эўразьвязу у сьнежні прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан заблякаваў выдзяленьне Кіеву грошай. Лідэры краін ЭЗ вернуцца да пытаньня на саміце 1 лютага.

Эўракамісія, паводле паведамленьні Financial Times, гатовая, у прыватнасьці, даць Вугоршчыне магчымасьць у 2025 годзе вярнуцца да пытаньня фінансаваньня Ўкраіны, — тады можа быць праведзеная ацэнка таго, наколькі Кіеў яшчэ мае патрэбу ў дапамозе і ці выконвае ён патрабаваньні. Такім чынам, Орбан атрымае «адкладзенае» права вэта на выдзяленьне Ўкраіне часткі фінансавай дапамогі. 50 мільярдаў ня будуць выдзеленыя ў адзін момант, яны разьлічаныя на пэрыяд да 2027 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FT: Эўразьвяз рыхтуе плян падтрымкі Ўкраіны ў абыход вэта Вугоршчыны

Таксама, як паведамляецца, кожны год будзе праводзіцца аўдыт дапамогі, прычым лідэры краін ЭЗ будуць мець права ўзьнімаць пытаньне аб яе эфэктыўнасьці на самітах. На пытаньне Financial Times, ці дастаткова будзе для Будапэшта прапанаваных саступак, высокапастаўлены вугорскі прадстаўнік сказаў: «Пакуль незразумела, але, хутчэй за ўсё, так».

Раней паведамлялася, што ЭЗ разблякаваў для Вугоршчыны каля 10 мільярдаў эўра з эўрапейскіх фондаў, раней заблякаваных праз спрэчкі аб вяршэнстве закону ў Вугоршчыне. Сьцьвярджалася, што гэты крок ніяк ня зьвязаны са спробамі пераканаць Орбана падтрымаць фінансаваньне Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Financial Times: ЭЗ можа пазбавіць Вугоршчыну права голасу, каб заключыць пагадненьні аб выдзяленьні сродкаў Украіне

Лідэры шэрагу краін ЭЗ і Эўракамісіі сьцьвярджалі, што ў выпадку, калі Орбан, палітыка якога па ўкраінскім пытаньні часта супярэчыць лініі большасьці краін Эўразьвязу, працягне настойваць на вэта, для дапамогі Ўкраіне знойдуцца альтэрнатыўныя шляхі. У Брусэлі, аднак, прызнаюць, што гэта будзе больш складана, чым проста ўнесьці папраўкі ў бюджэт Эўразьвязу.

Раней карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода паведамляў, што 10 студзеня паслы краін ЭЗ дамовіліся аб пачатку абмеркаваньня з Эўракамісіяй пытаньня аб выдзяленьні Ўкраіне 50 мільярдаў, каб яно было вынесена на разгляд саміту 1 лютага. Прадстаўнік Вугоршчыны, як адзначалася, ня быў супраць.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.