Нягледзячы на тое, што дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі вымусілі Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы (ПАРЭ) прыпыніць стасункі зь Менскам, варта разумець, што «народ Беларусі — гэта не рэжым», заявіла генэральная сакратарка ПАРЭ Дэсьпіна Хадзівасіліў-Цавілі на канфэрэнцыі «Хэльсынскі дыялёг: дэмакратычная будучыня для Беларусі» ў фінскай сталіцы.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на сайт Рады Эўропы.
Паводле слоў Хадзівасіліў-Цавілі, рэзалюцыі, прынятыя раней Асамблеяй, «сьведчаць аб салідарнасьці і гатоўнасьці краінаў Рады Эўропы дапамагчы беларусам, якія імкнуцца да свабоды, справядлівасьці і годнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на канфэрэнцыі «Хэльсынскі дыялёг: будучыня Беларусі»: «Мы па-ранейшаму адданыя пошуку мірнага рашэньня»Міністарка замежных справаў Фінляндыі Эліна Валтанэн, выступаючы на канфэрэнцыі, аддала належнае «мужнасьці тых, хто працуе на карысьць дэмакратычнай Беларусі», і заявіла аб падтрымцы Фінляндыяй беларускага народу. Яна «рашуча асудзіла беларускія ўлады за працяг рэпрэсіяў і ўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны» і «высока ацаніла актыўную ролю Рады Эўропы ў падтрымцы дэмакратычных пераменаў у краіне».
«Тое, што адбываецца ў Беларусі, важнае для Фінляндыі і ЭЗ — і для ўсёй сусьветнай супольнасьці. Беларускі народ ясна прадэманстраваў сваю волю і мае права самастойна вызначаць сваю будучыню», — адзначыла Валтанэн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская папрасіла прэмʼер-міністра Фінляндыі спрасьціць беларусам працэдуру легалізацыі«Мы хацелі б стварыць умовы, пры якіх Беларусь магла б стаць чальцом Рады Эўропы», — заявіў кіраўнік фінскай дэлегацыі ў ПАРЭ, першы намесьнік кіраўніка камітэту па палітычных пытаньнях ПАРЭ, старшыня камітэту па міжнародных справах фінскага парлямэнту Кіма Кільюнэн у сваім уступным слове.
Выступаючы пазьней на панэлі па беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, дакладчык Асамблеі па праблемах, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні, Поль Галь адзначыў, што «Беларусь, імаверна, адзіная краіна ў сьвеце, якая адмаўляе сваю ўласную нацыянальную ідэнтычнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і сьпікер фінскага парлямэнту правялі частку перамоваў на беларускай мове«На шчасьце, адным з важных наступстваў барацьбы за дэмакратыю пасьля фальсыфікаваных выбараў 2020 году стала адраджэньне беларускай ідэнтычнасьці 〈...〉. Падтрымліваючы разьвіцьцё беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, мы ўзбагачаем нашу ўласную эўрапейскую ідэнтычнасьць», — адзначыў дакладчык.
25 студзеня падчас зімовай сэсіі ПАРЭ пройдуць дэбаты «Дэмакратычная будучыня Беларусі». Тады ж Кіма Кільюнэн прадставіць даклад па сытуацыі ў Беларусі, па выніках абмеркаваньня якога прымуць рэзалюцыю. Чакаецца, што з заявай выступіць беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
У праекце рэзалюцыі сэсіі адзначаецца, што ПАРЭ салідарная з усімі, хто пацярпеў ад злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, і пацьвярджае сваю прыхільнасьць да падтрымкі і абароны правоў, свабодаў і бясьпекі ўсіх беларусаў.