Беларускі Чырвоны Крыж заявіў аб прыпыненьні грашовай падтрымкі ўцекачам і мігрантам. Арганізацыя тлумачыць гэта спыненьнем супрацоўніцтва з партнэрамі.
БКК перастане выдаваць бежанцам ваўчары, кампэнсаваць затраты на мэдычныя паслугі і аплачваць адпачынак дзяцей летам.
«У сувязі з спыненьнем супрацоўніцтва з партнэрамі, якія курыравалі ў Беларусі праектную дзейнасьць, накіраваную на падтрымку замежных грамадзян — уцекачоў і асоб, якія шукаюць прытулку, вымушаных мігрантаў, асоб без грамадзянства, іх грашовая падтрымка (выдача ваўчараў, пакрыцьцё выдаткаў на мэдычныя паслугі, выплаты для арганізацыі дзіцячага летняга вольнага часу) прыпыненыя», — паведамляе БКК у сваім тэлеграм-канале.
Беларускі Чырвоны Крыж дадае, што працягне аказваць уцекачам і мігрантам гуманітарную дапамогу (адзеньне, абутак, сродкі гігіены).
1 сьнежня сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца было прыпынена. Арганізацыя страціла фінансаваньне ад Міжнароднай фэдэрацыі.
Агулам вядома, што Беларускі Чырвоны Крыж (БЧК) страціць фінансаваньне на суму больш як 4,2 млн рублёў у выніку прыпыненьня з 1 сьнежня 2023 году сяброўства ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП).
Гэта вынікае са зьвестак, агучаных расьсьледніцкім цэнтрам «Бюро Медыя», паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Паводле зьвестак выданьня, у 2022 годзе БЧК атрымаў ад міжнародных донараў 12,9 млн рублёў, што складае 57,2% усяго бюджэту арганізацыі.
На долю МФТЧКіЧП прыпадала 34% усіх замежных паступленьняў, адзначаецца ў расьсьледаваньні. Такім чынам, пры захаваньні такога ж аб’ёму фінансаваньня арганізацыя ў 2024 годзе магла атрымаць, але не атрымае амаль 4,4 млн рублёў.
«Бюро Медыя» адзначае, што на пачатку 2023 году БЧК атрымаў ад UNICEF 210 тысяч даляраў на праект «Выяўленьне, асноўныя паслугі, матэрыяльная дапамога і інтэграцыя сем’яў зь дзецьмі з Украіны ў Рэспубліцы Беларусь». З названай сумы 124 тысячы выдадзеныя грашыма, астатняе — таварамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі прыпыніліПрэтэнзіі да Шаўцова
1 сьнежня МФТЧКіЧП прыпыніла сяброўства БЧК за невыкананьне кастрычніцкага патрабаваньня фэдэрацыі вызваліць ад пасады генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова, які абвінавачваецца ў дачыненьні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, а таксама адзначыўся рэзананснымі заявамі наконт разьмешчанай у Беларусі расейскай ядзернай зброі.
«Невыкананьне патрабаваньня азначае, што БЧК страчвае свае правы сябра МФТЧКіЧП. Любое новае фінансаваньне ў дачыненьні да Беларускага Чырвонага Крыжа таксама будзе прыпыненае, — паведаміла міжнародная фэдэрацыя. — Акрамя таго, БЧК ня зможа ўдзельнічаць у Генасамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць выбраным на якіх-небудзь статутных сходах МФТЧКіЧП».
БЧК можа быць адноўлены ў правах, як толькі «выканае рашэньне праўленьня» фэдэрацыі і адхіліць дзейнага генэральнага сакратара ад пасады.
Прэтэнзіі да генэральнага сакратара арганізацыі ўзьніклі празь ягоныя візыты ў акупаваныя РФ украінскія гарады Луганск і Данецк, заявы наконт перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый і іншае.
Беларускі бок не адмаўляе факту вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, заяўляючы, што гэта робіцца дзеля іх аздараўленьня і са згоды іх законных прадстаўнікоў.
20 ліпеня ў этэры дзяржканалу АНТ Шаўцоў заявіў пра магчымасьць выкарыстаньня разьмешчанай у Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі.
Удакладніўшы, што ён «ні да чога не заклікае», генэральны сакратар БЧК сказаў:
«Можа, варта ўсё ж такі людзям на Захадзе намякнуць, што мы ня проста вам гаворым і папярэджваем, а мы гэта канкрэтна можам зрабіць, калі вы не супакоіцеся. Я разумею, што гэта будзе супэрэскаляцыя. Але рана ці позна да гэтага прыйдзем. Давядзецца проста даць трошкі па зубах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбудсмэн Украіны: расейцы выкарыстоўваюць Беларусь, каб схаваць інфармацыю пра вывезеных украінскіх дзяцей