Дзе і як можна купіць беларускія кнігі для дзяцей і дарослых за мяжой? Сьпіс крамаў і месцаў 

Кнігарня ў Беларускім моладзевым хабе. Варшава, Польшча

Пасьля 2020 году па-за межамі радзімы апынулася шмат беларусаў. Сярод іх і кнігавыдаўцы, якія спрабуюць наладзіць гандаль літаратурай на роднай мове.

Выдавецтва «Янушкевіч» выціснулі зь Беларусі праз затрыманьні кіраўніцтва і крытыку праўладнымі прапагандыстамі. Летам 2023 году яго заснавальнікі запусьцілі сайт, дзе можна купіць беларускія кнігі з дастаўкай па Эўропе, а таксама ў Беларусь.

«Кнігі на «Кнігаўцы» можна заказаць у Аўстрыю, Бэльгію, Італію, Латвію, Літву, Люксэмбург, Нямеччыну, Партугалію, Швайцарыю, Эстонію, іншыя краіны. Ну і, натуральна, у Польшчу. А цяпер яшчэ і ў Беларусь. На гэты момант у «Кнігаўцы» ёсьць кнігі чатырох беларускіх выдавецтваў, якія цяпер працуюць за межамі краіны: «Вясна», «Кнігаўка», «Пфляўмбаўм», «Янушкевіч», — расказалі Свабодзе ў выдавецтве.

Кніжная шафка ў беларускім хабе ў Беластоку

Акрамя інтэрнэт-кнігарні, працуе таксама адмысловы акаўнт на пляцоўцы Allegro, які называецца «Кнігаўка».

«Там таксама можна замовіць кнігі — гэта зручна для жыхароў Польшчы, але ёсьць і даволі танная дастаўка ў большасьць краінаў Эўропы — ад Партугаліі да Фінляндыі», — кажа Андрэй Янушкевіч. Таксама дастаўкай беларускіх кніг па сьвеце, у тым ліку і ў Беларусь, займаецца выдавецтва Gutenberg.

Офлайн-кнігарня ў плянах, пагартаць кніжкі можна ў моладзевым хабе

Выдавец Андрэй Янушкевіч расказаў, што марыць адкрыць у Варшаве беларускую кнігарню.

«Мы думаем адкрыць стацыянарную кнігарню ў Варшаве з пунктам самавывазу. Цяпер мы знаходзімся ў пошуку памяшканьня. Але пакуль не шанцуе. Цягам пару месяцаў, спадзяюся, гэта адбудзецца», — падзяліўся Андрэй Янушкевіч.

Кнігарня ў Беларускім моладзевым хабе Варшавы

Пакуль пагартаць беларускія кнігі, памацаць іх у Варшаве можна ў кнігарні Беларускага моладзевага хабу, які знаходзіцца на вуліцы Дажынковай, 6 (Dozynkowa). Тут шмат беларускай клясыкі, перакладаў, дзіцячай літаратуры. Таксама прадаецца біжутэрыя беларускіх майстроў, вырабы рамесьнікаў, майкі, мэрч розных беларускіх брэндаў. Кнігарня ў БМХ працуе з панядзелка па пятніцу з 11-й да 19-й.

Беласток

У беларускім хабе «Новая зямля» нядаўна зьявілася «Кніжная шафка», дзе можна набываць беларускія кніжкі. Хаб знаходзіцца на вуліцы кардынала Вышыньскага 6А (Kardynała Stefana Wyszyńskiego 6A).

Кніжная шафка ў беларускім хабе ў Беластоку

Вільня

У сталіцы Літвы беларускія кнігі можна набыць у Цэнтры беларускай культуры і супольнасьці на Віленскай, 20 (Vilniaus g., 20). А дзіцячыя кнігі яшчэ можна знайсьці ў кіёску «Гартайка» на вуліцы Майронё, 11 (Maironio g. 11), у будынку школы «Стэмбрыдж».

Грузія

Сябра рады арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Андрэй Мялешка расказаў, што ў Батумі стацыянарнага пункту, дзе можна купіць беларускія кнігі, пакуль няма. Але штопанядзелак у прасторы LogeekClub на вуліцы Ангіса, 8 (Angisa, 8) ладзіцца кірмаш, дзе можна купіць беларускія кнігі, «вышымайкі», сьцягі, значкі і іншую беларускую сымболіку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нават мышы сьвяткуюць Каляды. 10 лёгкіх і новых беларускіх кніжак, якія можна чытаць падчас сьвятаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14 краін, чатыры выдавецтвы, зь Беларусьсю складана. Расказваем пра новую інтэрнэт-кнігарню «Кнігаўка» (+ сьпіс іншых крамаў)