Законапраект распрацавала парлямэнцкая камісія ў нацыянальнай бясьпецы. На думку аўтараў дакумэнту, гэты цэнтар ад моманту заснаваньня выкарыстоўваўся «ў якасьці апірышча для розных мераў узьдзеяньня, якія ажыцьцяўляе Расейская Фэдэрацыя і якія накіраваныя супраць інтарэсаў Латвійскай Рэспублікі».
Амбасада Расеі ў Латвіі назвала закон аб «нацыяналізацыі» «рабункам».
«Расцэньваем гэтае рашэньне латвійскага нацыянальнага парлямэнту як прававое свавольства і, па сутнасьці, акт дзяржаўнага рабунку, які груба топча фундамэнтальныя прынцыпы міжнароднага права, што гарантуюць недатыкальнасьць уласнасьці іншых краін», — гаворыцца ў заяве амбасады РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дом Масквы», «Расейскі дом». Лукашэнка зноў заклікаў бараніць расейскую мову. Пералічваем, хто гэтым ужо займаецца ў Беларусі«Дом Масквы» належаў ураду Масквы празь дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства «Маскоўскі цэнтар міжнароднага супрацоўніцтва». Пасьля ўступленьня ў сілу закону будынак будзе зарэгістраваны на Міністэрства транспарту Латвіі, а асобы, якія валодаюць рухомай маёмасьцю, павінны пакінуць будынак цэнтру на працягу сямі дзён.
Урад Латвіі да 31 сакавіка 2024 году павінен будзе падаць парлямэнту плян далейшага выкарыстаньня памяшканьняў цэнтру. Аўтары законапраекту прапаноўвалі перадаць «Дом Масквы» Ўкраіне.
Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі ў сьнежні правяла ператрусы ў «Доме Масквы» ў Рызе ў межах крымінальнай справы аб парушэньні санкцый Эўразьвязу. Паводле зьвестак ведамства, «кіраўніцтва „Дома Масквы“, імаверна, працягвала атрымліваць матэрыяльную выгаду ад памяшканьняў „Дома Масквы“, выкарыстаньне якіх было забаронена міжнароднымі санкцыямі». Адносна аднаго з супрацоўнікаў цэнтру распачалі крымінальную справу. У МЗС РФ асудзілі ператрус і паабяцалі «крокі ў адказ».