Наяўнасьць праблемы прызналі казахстанскія ўлады. Міністар гандлю Казахстану Арман Шакаліеў заявіў, што першыя праблемы на гэтым кірунку зафіксавалі 8 студзеня. Цяпер Казахстан вядзе перамовы, каб вырашыць праблему, піша Kazinform.
Цяпер празь мяжу прапускаюць толькі кіроўцаў-міжнароднікаў зь Беларусі і Расеі. У Астане гэта лічаць парушэньнем дамоўленасьцяў ЭАЭС.
«Сёньня ідуць перамовы з нашымі калегамі з расейскага, зь беларускага бакоў наконт таго, што гэта абмяжоўвае свабоду перамяшчэньня тавараў. Мы чакаем адказу. Калі мы пытаньне не ўрэгулюем, то ў афіцыйным парадку будзем яго выносіць на разгляд камісіі. Гаворыцца, што гэта „тэхнічны бар’ер“, але гэта ўсё ж бар’ер. Такога не павінна быць», — сказаў Арман Шакаліеў.
Паводле міжнародных пагадненьняў ЭАЭС, у гэтых краін адсутнічае мытная мяжа. Саюз дэкляруе свабоднае перамяшчэньне тавараў.
У канцы сьнежня Міністэрства гандлю Казахстану адзначала, што экспарт тавараў з Казахстану ў краіны ЭАЭС вырас на 90%. Арман Шакаліеў асабіста гаварыў аб тым, што зь Беларусьсю ўдалося ўрэгуляваць пытаньне наконт лекаў у аптэках. Раней стаяў парог у ня меней за 50% беларускіх лекаў, у 2023-м ліміт доступу лекаў у аптэкі для краін ЭАЭС зьнялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саміт ЭАЭС: дыпляматычны контранаступ Масквы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь падоўжыла на год забарону на ўвоз прадукцыі зь «недружалюбных» краінаў