Цэны на лекі ў 2023 годзе расьлі ў 4,66 раза хутчэй, чым агулам на нехарчовыя тавары — 13,36% супраць 2,87%, сьведчыць праведзены выданьнем «Позірк» аналіз дадзеных Белстату.
У параўнаньні з агульным ростам спажывецкіх цэнаў (інфляцыя ў Беларусі за 2023 год склала 5,8%) лекі даражэлі хутчэй у 2,29 раза.
Прыкметней за ўсё вырасла цана сродкаў для лекаваньня дыхальнай сыстэмы — на 14,85%, стрававальнага тракту і абмену рэчываў — на 14,42%, крыві і крывятворных органаў — на 14,09%.
У 2022 годзе назіралася адваротная сытуацыя: пры агульным росьце цэнаў на 12,83% і падаражэньні нехарчовых тавараў на 13,66% цэны на лекі павялічыліся ўсяго на 2,69%.
Агулам за апошнія пяць гадоў (2019–2023 гг.) рост цэнаў на лекі ў Беларусі быў блізкі да агульнага росту цэнаў, нязначна апярэдзіўшы яго — 48,35% супраць 47,66%. Падаражэньне нехарчовых тавараў склала 44,06%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат: Інфляцыя ў Беларусі за 2023 год склала 5,8%21 сьнежня 2023 году на нарадзе ў пытаньнях удасканаленьня сыстэмы рэгуляваньня цэнаўтварэньня і кантролю за цэнамі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з абгрунтаванасьцю росту цэнаў на лекі:
«Чаго мы баімся? Нейкі прыватнік з аптэкі сыдзе? Няхай сыходзіць! У нас дастаткова дзяржаўных аптэк, якія будуць займацца», — заявіў Лукашэнка.
Пасьля гэтага Мінздароўя Беларусі запатрабавала ад камэрцыйных аптэк павялічыць долю айчынных лекаў у продажы да 40%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя Беларусі запатрабавала ад камэрцыйных аптэк павялічыць долю айчынных лекаў у продажы