Расея ці Эўропа? Даведаліся, якія замежныя ВНУ часьцей выбіраюць беларускія выпускнікі

Каляж

Па словах бацькоў адзінаццаціклясьнікаў, сёлета адміністрацыі школ загадзя спрабуюць даведацца пра месцы іх будучага паступленьня. Маладых беларусаў таксама агітуюць паступаць у ВНУ, дзе рыхтуюць будучых сілавікоў. Тым часам у Эўразьвязе за тры гады беларускіх студэнтаў стала на траціну больш. Расказваем, куды едуць вучыцца беларусы.

Беларуская сыстэма адукацыі імкнецца ўтрымаць выпускнікоў школ унутры краіны. Бацькі адзінаццаціклясьнікаў кажуць пра падвышаную цікаўнасьць адміністрацый школ наконт плянаў вучняў на паступленьне. Па словах бацькоў выпускнікоў, іх дзецям настойліва раяць паступаць менавіта ў беларускія ўнівэрсытэты, а ня ехаць вучыцца за мяжу.

Вінаватыя дырэктары школ

Дачка жыхаркі Брэста Анастасіі (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) пайшла сёлета ў 11 клясу. Жанчына расказала Свабодзе, што практычна ад пачатку навучальнага году іх «атакуе» адміністрацыя школы. Клясны кіраўнік рэгулярна просіць паведаміць, куды будуць паступаць сёлетнія выпускнікі.

«Раней такога ціску не было. Цяпер жа просяць паведаміць — якія прадметы будзе здаваць на цэнтралізаваным тэставаньні, у якую ВНУ пойдзе вучыцца. Цяпер пачалі цягаць дзяцей па розных установах вышэйшай адукацыі, рэклямаваць іх», — расказвае Анастасія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як за 16 гадоў зьбяднелі беларускія студэнты. Расказваем, на колькі за гэты час зьнізіліся стыпэндыі і чаму так адбылося

Яна таксама кажа, што дырэктару школы, дзе вучыцца дачка, а таксама ягонай намесьніцы па выхаваўчай працы «прылятае па галаве» за тое, што некаторыя дзеці летась паступілі вучыцца ў Польшчу. Анастасія кажа, што раённы аддзел адукацыі лічыць вінаватым у гэтым дырэктара школы.

«Чыноўнікі лічаць, што дырэктар і намесьнік вінаватыя, бо не патлумачылі дзецям, не правялі прафэсійную арыентацыю», — сьцьвярджае жанчына.

У размове са Свабодай яна дадала, што сёлета зь невядомай прычыны ад вучняў 11 клясы, дзе вучыцца яе дачка, запатрабавалі прынесьці копіі пашпартоў. Дзецям патлумачылі, што яны неабходныя для нейкай базы дадзеных, якую нібыта складаюць у Політэхнічным унівэрсытэце.

«Прычым патлумачылі, што калі выпускнік ня будзе ў той базе, то ня зможа нікуды паступіць. Пры чым тут політэхнічны ўнівэрсытэт — незразумела», — дадала Анастасія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі забароняць рэклямаваць працу і вучобу за мяжой

Бясплатная форма і вызваленьне ад войска

Жыхарка Гомля Надзея (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) таксама падзялілася са Свабодай гісторыяй таго, як клясная кіраўніца яе сына спрабавала вылічыць, куды ён будзе паступаць. Па словах жанчыны, яшчэ зь лістапада мінулага году настаўніца літаральна патрабавала даць справаздачу — па якіх прадметах сын будзе здаваць цэнтралізаванае тэставаньне.

«Якая ім справа? Я сказала, што ён яшчэ ня вырашыў. Але яна не давала супакою, то я сказала, што будзе здаваць грамадазнаўства. Тады яна працягнула выпытваць — куды менавіта будзе паступаць? Як я не сказала, то яна знайшла ВНУ, дзе трэба грамадазнаўства, і пыталася ў мяне, як варажбітка на картах: «Можа, сюды пойдзе, ці сюды?» — абураецца Надзея.

Жанчына кажа, што яе сына разам з клясай «цягалі па ўсіх ВНУ» Гомля, паказвалі, як добра там вучыцца. Па словах Надзеі, усіх выпускнікоў-хлопцаў настойліва кліча да сябе міліцыя. Лісты з прапановай вучыцца ў Акадэміі МУС сёлетнім выпускнікам дасылаюць проста з РАУСаў.

У адным зь іх, які ёсьць у распараджэньні Свабоды, адзінаццаціклясьніку абяцаюць вызваленьне ад войска, бясплатную форму, інтэрнат, харчаваньне і мэдычнае абслугоўваньне. А таксама гарантаванае месца працы, ільготны крэдыт і пэнсію пасьля 20 гадоў службы.

Найбольш у Польшчы

Пра тое, што кантрольныя органы ціснуць на адміністрацыі школ, бо зашмат выпускнікоў абіраюць для паступленьня замежныя ВНУ, паведамлялася і раней. У верасьні 2023 году Свабода пісала, што ў Горадні праз гэта зьнялі з пасадаў некалькі дырэктараў. Бацькі вучняў расказваюць, што непажадана ехаць вучыцца нават у Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнялі дырэктараў школ, забаранілі пісаць пра лета. Як у Горадні змагаюцца з паступленьнем выпускнікоў за мяжу

Каб даведацца, ці насамрэч усё больш маладых беларусаў абіраюць дзеля працягу вучобы іншыя краіны, а не Беларусь, Свабода накіравала запыты ў адпаведныя органы некаторых краін Эўразьвязу з просьбай прадаставіць зьвесткі наконт беларускіх студэнтаў. Адказы сьведчаць пра значны рост іх колькасьці за апошнія гады. А таксама пра тое, што беларусы ахвотней едуць вучыцца ў Эўропу, чым у Расею.

З атрыманых дадзеных вынікае, што сярод краін Эўразьвязу найбольш студэнтаў зь Беларусі вучыцца ў Польшчы — 12 011 чалавек. Гэтая лічба ўлічвае бакаляўрэат і магістратуру па стане на 2022 год.

Другая краіна ў ЭЗ па колькасьці беларускіх студэнтаў — Літва. Цяпер тут навучаецца 1339 беларусаў. У асноўным беларусы тут вучацца ў ЭГУ. Па апошніх дадзеных, у гэтай ВНУ каля тысячы студэнтаў-беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы рэктар ЭГУ расказаў, як атрымаў прапанову яго ўзначаліць, і паабяцаў рэзка павялічыць колькасьць студэнтаў

Апошнія актуальныя зьвесткі з Чэхіі прыпадаюць на 2021 год. Тады там навучаліся 1067 студэнтаў зь Беларусі. Гэта таксама бакаляўрэат і магістратура агулам. У Латвіі навучаюцца 84 студэнты зь Беларусі, у Эстоніі — 74 студэнты. Сьвежай статыстыкі па Нямеччыне няма, раней там вучыліся да тысячы беларускіх студэнтаў.

Такім чынам, у эўрапейскіх ВНУ цяпер могуць вучыцца мінімум 14 575 студэнтаў. Прыкладна столькі ж студэнтаў, бакаляўраў і магістрантаў цяпер вучыцца ў БДУІРы.

Колькі вучыцца ў Расеі

Расейскія ВНУ — таксама альтэрнатыва для студэнтаў зь Беларусі. У адрозьненьне ад беларускіх ВНУ, пасьля расейскіх няма абавязковага разьмеркаваньня. Паводле апошніх дадзеных (за 2022 год), у расейскіх ВНУ вучыўся 9251 студэнт зь Беларусі — калі лічыць разам бакаляўрэат і магістратуру. Гэта ў 1,5 раза менш, чым (няпоўная) лічба беларускіх студэнтаў, якія вучацца ва ўнівэрсытэтах краін Эўразьвязу.

Прычым у ЭЗ колькасьць студэнтаў зь Беларусі ў апошнія гады становіцца толькі большай. У 2021-м агулам па ўсіх краінах, згодна з дадзенымі Эўрастату, іх было 13 300 чалавек. Годам раней — 11 486, у 2019-м — 8916. Плюс 33% за тры гады.

Колькасьць беларускіх студэнтаў, якія выбіраюць расейскія ВНУ, зьмяншаецца. У 2010 годзе іх было 10 043, у 2020-м — 9623, у 2021-м — 8838.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шалёныя грошы?». Як ва ўнівэрсытэтах Эўразьвязу за год зьмянілася колькасьць беларускіх студэнтаў

А што ў Беларусі

Агулам у 2022 годзе ў беларускіх ВНУ навучалася 228 тысяч студэнтаў і 10 тысяч магістрантаў. З 2019 году іх колькасьць зьнізілася на 12,5%.

Вучацца ў Беларусі і студэнты з-за мяжы. На канец 2022 году іх было 20 474. У асноўным гэта студэнты з Кітаю — 6492, Туркмэністану — 3462, Узбэкістану — 2999, Шры-Лянкі — 1583, Расеі — 1391.

Афіцыйная беларуская статыстыка ня згадвае, ці ёсьць у беларускіх ВНУ студэнты з краін ЭЗ ці Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы адрыхтавалі праект рэформы вышэйшай адукацыі Беларусі, які прадугледжвае выбары рэктараў