9 студзеня Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы паведаміла пра затрыманьне грамадзянкі Беларусі, якая перадавала КДБ інфармацыю аб беларускай дыяспары. «Люстэрка» даведалася з уласных крыніц, што гаворка пра актывістку Дар’ю Астапенку.
Ёй каля 36 гадоў, яна родам з Баранавічаў і па спэцыяльнасьці вэтэрынар. Яшчэ да 2020 году жанчына кантактавала з рознымі апазыцыйнымі палітычнымі арганізацыямі і партыямі ў Беларусі, цікавілася іх дзейнасьцю і хацела ў ёй удзельнічаць, прапаноўвала сваю дапамогу.
Такім чынам Астапенка стала сябрам кампаніі «Гавары праўду». Яна зьявілася ў арганізацыі ў 2018–2019 гадах, была назіральніцай на выбарах, зьбірала подпісы, праходзіла трэнінгі ў Беларусі.
Да 2020 году Астапенка вярнулася назад у Баранавічы. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі яна ўзяла на сябе ролю каардынатара «Гавары праўду» па зборы подпісаў у Баранавічах і Баранавіцкім раёне і разам з маленькай камандай сабрала некалькі тысяч подпісаў. Пасьля гэтага лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, рэгіструючыся кандыдатам у прэзыдэнты, уключыў Дарʼю ў сьпіс сваіх давераных асобаў.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Астапенка актыўнага ўдзелу ў справах «Гавары праўду» ня брала. Яна спрабавала з дапамогай палітычных арганізацый атрымаць шэнгенскую візу, каб зьехаць за мяжу, але беспасьпяхова.
У 2023-м Дарʼя ўсё ж пакінула Беларусь і, паводле зьвестак «Люстэрка», з восені знаходзілася ў Польшчы. Спачатку ў Варшаве, потым у Лодзі. Там жыла ў розных знаёмых, адчувала фінансавыя цяжкасьці, пазычала грошы, ёй дапамагалі сябры беларускай дыяспары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы затрымалі беларуску, якая перадавала КДБ інфармацыю пра дыяспаруЯк піша выданьне, Астапенка спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі дыяспары, трапіць у вядучыя беларускія арганізацыі ў Польшчы, зьбірала інфармацыю пра дзейнасьць харугваў Паспалітага рушэньня (беларускай вайскова-патрыятычнай арганізацыі, створанай Валерыем Сахашчыкам) у Польшчы. А таксама пра беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне і тых, хто ім дапамагае.
Акрамя таго, яна вяла размовы пра тое, што, каб зрынуць уладу ў Беларусі, трэба дзейнічаць больш актыўна, а менавіта — сілавым шляхам: прапаноўвала зьбіраць зброю, прарывацца ў Беларусь, учыніць выбух на беларускай мяжы.
У сьнежні Дарʼя, знаходзячыся ў нецьвярозым стане, сама прагаварылася знаёмым пра сапраўдную мэту яе актыўнасьці ў Польшчы. Пасьля гэтага інфармацыю пра яе перадалі ў польскае Агенцтва ўнутранай бясьпекі, і ў той жа дзень яе затрымалі. 22 сьнежня суд у Варшаве адправіў жанчыну ў СІЗА.
Паводле крыніц, у смартфоне Астапенкі знайшлі доказы яе супрацоўніцтва з КДБ Беларусі з 2017 году. Яна таксама перасылала «куратарам» усе здабытыя зьвесткі, фота і іншую інфармацыю, якую ёй удалося даведацца ўжо ў Польшчы.
На гэты момант Дарʼю Астапенку абвінавачваюць па ч. 1 арт. 130 (шпіянаж) Крымінальнага кодэксу Польшчы. Ёй пагражае як найменш пяць гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 2 гадоў турмы. У Польшчы вынесьлі выракі беларусам за шпіянаж на карысьць Расеі