Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч 10 студзеня наведаў Мазырскі памежны атрад, дзе завяршылі фармаваньне манэўранай групы, паведамляе «СБ. Беларусь сегодня».
Як вынікае з паведамленьня, манэўраная група мае на ўзбраеньні сучасныя браняваныя аўтамабілі «Волат» вытворчасьці МЗКЦ і здольная «апэратыўна прыкрыць патрэбны ўчастак мяжы пры абвастрэньні абстаноўкі». Мазырскі памежны атрад адказвае за 370-кілямэтровы ўчастак мяжы з Украінай.
Вальфовіч чарговым разам падкрэсьліў, што сытуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы «выклікае трывогу».
«На сёньня мы налічваем звыш 500 000 супрацьпяхотных і супрацьтанкавых мінаў, якія ўстаноўленыя на ўкраінска-беларускай мяжы, разбураныя практычна ўсе масты, закрытыя пункты пропуску. Самі ўкраінскія памежнікі... дапускаюць заходы на нашу прымежную тэрыторыю і парушэньне паветранай прасторы квадракоптарамі», — заявіў ён.
Паводле Вальфовіча, «неспакойна» цяпер і на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне паказалі, як умацавалі мяжу зь Беларусьсю, каб не дапусьціць новага ваеннага ўварваньня. ВІДЭА- У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
- 10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь. У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў».
- З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.
- Украіна ўвесь час актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, каб не дапусьціць паўторнага ўварваньня праціўніка зь Беларусі.
- Беларускія ўлады пэрыядычна скардзяцца на ўкраінскіх памежнікаў, якія жартуюць зь беларускіх калегаў, называючы іх дзеяньні правакацыямі «з мэтай нейкага запалохваньня і псыхалягічнага ціску на вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу Беларусі».