Латушка расказаў, што падчас сустрэчы з новым міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім ён узьняў пытаньне візаў:
«Цяжкасьці маюць часовы характар, і яны зьвязаныя з тым, што ў новым польскім урадзе, і ў тым ліку ў консульскім дэпартамэнце МЗС Польшчы, адбываюцца перастаноўкі. Гледзячы мне ў вочы, міністар Сікорскі сказаў, што як толькі будзе прызначанае новае кіраўніцтва дэпартамэнту, мы адразу ж правядзем сустрэчу і будзем вырашаць гэтыя праблемы», — цытуе Паўла Латушку Reform.by.
Ён падкрэсьліў, што гэтую тэму ў Абʼяднаным пераходным кабінэце ўспрымаюць «вельмі сурʼёзна і працуюць над яе вырашэньнем».
«Акрамя таго, учора я размаўляў зь дзяржсакратаром і першым намесьнікам міністра замежных спраў Уладзіславам Барташэўскім і спытаў, хто з намесьнікаў міністра курыруе консульскую службу. Ён адказаў, што на сёньняшні дзень гэтага намесьніка няма. Пакуль прызначаныя толькі два, і чакаецца прызначэньне яшчэ чатырох ці пяці намесьнікаў міністра замежных спраў, і адсутнічае функцыянал для вырашэньня гэтых праблемаў.
Як толькі гэтыя прызначэньні адбудуцца, мы правядзём кансультацыі, каб паскорыць прыняцьце неабходных рашэньняў», — сказаў Павал Латушка на сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў АПК зь беларускай дыяспарай у Цэнтры беларускай салідарнасьці ў Варшаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала адкрыцьцё беларускамоўных школ у Польшчы зь міністрам адукацыі краіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Год будзе цяжкім». Рэпартаж Свабоды з пасяджэньня Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў Варшаве