Увечары 9 студзеня польская паліцыя затрымала былога кіраўніка МУС краіны Марыюша Каміньскага і ягонага намесьніка Мацея Вонсіка, якіх раней запрасіў да сябе прэзыдэнт Анджэй Дуда.
Суд пастанавіў арыштаваць Каміньскага і Вонсіка ў справе аб перавышэньні паўнамоцтваў у 2007 годзе. Дуда амніставаў іх у 2015-м, аднак у сьнежні мінулага году суд скасаваў ягонае рашэньне і вынес былым кіраўнікам МУС вырак: па 2 гады турмы.
У палацы Каміньскі і Вонсік прабылі некалькі гадзін, пасьля чаго паліцыя ўвайшла ў будынак і затрымала іх.
«Годнасьць польскай дзяржавы, годнасьць тых, каго памілаваў прэзыдэнт, была растаптаная», — гаворыцца ў паведамленьні прэзыдэнцкай канцылярыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з маршалкамі Сэйму і Сэнату Польшчы. Пра што яны дамовілісяУ сваю чаргу, прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што Дуда перашкаджае правасудзьдзю, хаваючы злачынцаў, і працытаваў адпаведны крымінальны артыкул.
На знак пратэсту супраць затрыманьня Каміньскага і Вонсіка каля 300 чалавек пратэставалі каля прэзыдэнцкага палаца. Гэта прадстаўнікі апазыцыі, пераважна прыхільнікі партыі «Закон і справядлівасьць» (PiS), якая да нядаўніх парлямэнцкіх выбараў была ва ўладзе.
Пасьля арышту Каміньскі абвясьціў галадоўку. Ён назваў прысуд «палітычнай помстай».
PiS на сваім сайце заявіў, што ў Польшчы зьявіліся «першыя палітычныя вязьні з 1989 году». Кіраўнік партыі Яраслаў Качыньскі ў інтэрвію польскай прэсе заявіў, што ніхто ў партыі ня думаў, што паліцыя ўвойдзе ў прэзыдэнцкі палац, каб затрымліваць палітыкаў. Ён анансаваў на 11 студзеня вялікі пратэст у Варшаве перад будынкам Сэйму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы правёў перамовы зь Ціханоўскай і прыняў беларусаў у сваёй рэзыдэнцыі ў Бэльвэдэры