«У Драздах ва ўсіх выбухне». Лібер аб пэрспэктывах пашпарта «Новай Беларусі»

Павал Лібэр

Стваральнік плятформы «Голас» перакананы, што некалькі дзясяткаў краін могуць прызнаць пашпарт «Новай Беларусі».

Пра ініцыятыву пашпарт «Новай Беларусі» было абвешчана на канфэрэнцыі ў Варшаве ў жніўні 2023 году. Пакуль што новыя пашпарты не аддрукаваныя і ніводная краіна іх не прызнала. Аднак ці ёсьць пэрспэктыва ў такога дакумэнту?

Свабода спытала пра гэта ў кіраўніка плятформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Паўла Лібера. Поўную вэрсію відэаінтэрвію глядзіце на Youtube-канале Радыё Свабода.

«Я веру ў пашпарт „Новай Беларусі“. Мы дастаткова шчыльна стасаваліся зь Пераходным кабінэтам, дапамагалі ім, выступілі як партнэры. Мы прадаставілі „Голас“ для таго, каб сабраць папярэдні попыт на пашпарт. У выніку атрымалася, што 52 ці 53 тысячы ахвотнікаў».

Лібер кажа, што потым Лукашэнка выдаў указ аб забароне выдачы пашпартоў за мяжой, і людзі ўспомнілі апытаньне на «Голасе». Такім чынам лічба ахвочых вырасла да 62 тысяч чалавек.

«Гэта добры вынік. Кабінэту трэба зразумець, што ім рабіць, ці друкаваць першую пробную партыю пашпартоў. Першая партыя дастаткова вялікая — некалькі дзясяткаў тысяч. Ніхто ў меншым аб’ёме друкаваць ня будзе. Партнэры пытаюцца: „У вас дакладна будзе ня сто пашпартоў?“ Ёсьць краіны Эўразьвязу, па якім езьдзіць Кабінэт, і ў іх пытаюцца там: „Дык вы хоць прыкладную колькасьць можаце сказаць?“ Мы сутыкаемся з тым, што ня ўмеем адказваць на такія пытаньні», — лічыць стваральнік «Голасу».

Для Лібера самым цікавым пытаньнем застаецца, якія ж краіны прызнаюць новыя дакумэнты.

«Для мяне гэта не ўнікальны прэцэдэнт: ёсьць жа пашпарт Мальтыйскага ордэна, іх там усяго, здаецца, 450 штук, і іх прызнаюць больш за 100 краін. Гэта пытаньне веры і жаданьня некалькіх краін шчоўкнуць Лукашэнку з Пуціным па носе. Я ўпэўнены, што такія краіны знойдуцца. І як толькі першая ці другая краіна прызнаюць беларускі пашпарт, то знойдуцца і трэцяя, і чацьвёртая. І так можна дайсьці да некалькіх дзясяткаў».

Асабліва цікава, на думку суразмоўцы, будзе назіраць за рэакцыяй беларускіх уладаў на пашпарты «Новай Беларусі».

«Мне ўся гэтая гісторыя падабаецца. Як толькі выйдзе першая партыя пашпартоў і Валер Кавалеўскі (намесьнік Сьвятланы Ціханоўскай у Пераходным кабінэце. — РС) выйдзе на камэру з гэтым пашпартам, то ў Драздах проста выбухнуць усе пуканы ва ўсіх людзей ва ўсіх дамах. Толькі дзеля гэтага ў гісторыю з пашпартам трэба інвэставаць. Гэта ж цудоўна».

Лібер лічыць, што добрым вынікам будзе, нават калі адна краіна прызнае пашпарт «Новай Беларусі».

«Нават калі ніводная краіна не прызнае, то я куплю гэтую кніжачку і пастаўлю ў сябе на паліцы», — кажа экспэрт.

Каштаваць жа такі пашпарт будзе каля 100 эўра. Гэта стандартны сабекошт эўрапейскага пашпарта з усімі ступенямі абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я думаю, што Лукашэнка ня ўмее карыстацца інтэрнэтам». Павал Лібер пра магчымасьць пераменаў і грамадзкую сьвядомасьць«Беларусь ужо не ІТ-дзяржава». Павал Лібер аб праблемах, зь якімі сутыкаюцца беларускія айцішнікіПавал Лібер пра пашпарт «Новай Беларусі», Ціханоўскую і ЛукашэнкуПавал Лібер: у якой стадыі новыя пашпарты, ці застаецца Беларусь ІТ-дзяржавай і калі пачнуцца пераменыЛібера, Жываглод, Дабравольскага і Марыніча будуць завочна судзіць за тое, што «перашкаджалі выбарам»