Лукашэнка падпісаў закон «Аб спыненьні міжнародных дамоваў у пытаньнях барацьбы з карупцыяй»

Аляксандар Лукашэнка

Дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Закон прадугледжвае дэнансаваньне Канвэнцыі аб крымінальнай адказнасьці за карупцыю ад 27 студзеня 1999 году і дадатковага пратаколу да яе. Таксама скасаваны ўдзел Беларусі ў Канвэнцыі аб грамадзянска-прававой адказнасьці за карупцыю ад 4 лістапада 1999 году.

Таксама закон спыняе дзеяньне пагадненьня паміж Беларусьсю і Радай Эўропы адносна прывілеяў і імунітэтаў прадстаўнікоў сяброў «Групы дзяржаў супраць карупцыі» і сяброў інспэкцыйных груп.

Закон падрыхтавала Палата прадстаўнікоў і ўхваліў Савет Рэспублікі. Генэральны пракурор Андрэй Швед у лістападзе 2023 году заяўляў, што экспэрты «Групы дзяржаў супраць карупцыі» патрабавалі зьмяніць Канстытуцыю Беларусі і абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта.

У 2019 годзе антыкарупцыйны орган Рады Эўропы адзначыў па выніках праверкі, што «Ратыфікацыя Канвэнцыі Рады Эўропы аб крымінальнай адказнасьці за карупцыю не прывяла да належнага перагляду Крымінальнага кодэксу Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты Рады Эўропы: у Беларусі няма прагрэсу ў барацьбе з карупцыяй

«Групы дзяржаў супраць карупцыі» — міжнародная арганізацыя, створаная Радай Эўропы ў 1999 годзе з мэтай дапамогі ва ўдасканаленьні мэханізмаў барацьбы з карупцыяй. Удзельнікамі могуць быць ня толькі сябры Рады Эўропы, але і любая іншая дзяржава. Краіна, якая ратыфікавала канвэнцыю Рады Эўропы аб грамадзянскай і/ці крымінальнай адказнасьці за карупцыю, аўтаматычна далучаецца да Групы і яе ацэначнага мэханізму. Цяпер у групе 50 краін-удзельніц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як датычнасьць да сям’і Лукашэнкі дазваляе зарабляць грошы менскім рэстаратарам. Новы матэрыял Беларускага расьсьледніцкага цэнтру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фатальны ўзьлёт адной кар’еры, які можна было спыніць. 30 гадоў таму Лукашэнку выбралі старшынём антыкарупцыйнай камісіі